Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 36

Ніл Гілевіч

Аднойчы такой пільнай чытачкай «Роднага слова» я быў пасаромлены. Спытала: «Табе вядомы верш Купалы "Тае снег" » ? — «Нешта не прыпомню». — «На, пачытай» — І падала мне часопіс. Думаю: што ж яна знайшла ў вершы пра таянне снегу? Ого, што знайшла! Думы гаспадара свайго шнура зямелькі, які чакае вясны, што ўжо блізка. Бо тады ён:

Смела гляне на свет і на долю змянлівую, Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ўзнакі Тыя сілы з усходу і захаду мсцівыя, Што даймаюць цяпер, як вужакі.

Публікацыя Леаніда Лыча «Я роднае мовы не кіну ў нядолі» (1996, №8) ніяк не магла застацца не заўважанай ёю. Вядомы навуковец абазначыў тэму артыкула вельмі інтрыгоўна: «Беларуская прэса ў перыяд акупацыі». О, колькі цікавай інфармацыі і слушных думак знайшла яна, мяркуючы па падкрэсленнях, у гэтым даследаванні! Ддя прыкладу — толькі адзін абзац: «У мэтах узгадавання нацыянальна здаровага беларуса былі распрацаваныя паводле выказаных раней думак Вацлава Ластоўскага спецыяльныя дзесяць запаведзяў. З мэтай пашырэння апошніх у народзе «Беларуская газэта» змясціла іх 6 чэрвеня 1942 г. У ліку запаведзяў былі і такія: «Шануй мову сваю родную крывічанскую, ужывай яе ўсюды і заўсёды, не папускай на зьдзек нікому»; «Памятай выслаўляць дзень сьвяты Сакавіковы»; «Не перасаджай ні маскальскае, ні польскае культуры на грунт свой народны».

На вокладцы нумара 6-га за 1998 год напісала: Конан! З клічнікам, вядома. Дзесяткі разоў за дзесяткі гадоў паставіла Ніна Іванаўна гэта прозвішча на вокладках беларускіх літаратурных часопісаў — каб помніць і не выкінуць выпадкова нумар з публікацыяй нашага знакамітага вучонага. (Яго газетныя артыкулы зберагала таксама.) Што на гэты раз прынесла ёй чытацкую радасць? Артыкул «Прыйдзіце да мяне, усе струджаныя...» З падзагалоўкам: «Ідэалы сацыяльнай: гармоніі і зямнога раю ў беларускім фальклоры». Годам раней (1997, №7) яшчэ больш падкрэсленняў і паметак-заўваг зрабіла яна на палях яго артыкула «Беларусь мая старонка, дык люблю ж яе» — пра цыклічную структуру лірыкі Янкі Купалы. Не помню, якім разам, але помню — сказала: «Вучоны сусветнага ўзроўню! Паглядзі, якія глыбіні ўздымае! Знаеш, аж страшнавата неяк. Уражанне, што чуешся перад ім круглым невукам». I яшчэ — помніцца: «Конана трэба чытаць, чытаць і чытаць — пільна-пільна, удумліва-удумліва. Гэта вялікі наш мысляр-эстэтык, літаратуразнаўца, фалькларыст, міфолаг. Дасведчанасць і глыбіня — у нас не параўнаныя».