Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 20

Ніл Гілевіч

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА Ну, вось і ўсё маё сказанне, І кропку ставіць мне пара. Пара сказаць на развітанне: Бывай жа, Лысая гара! Але магчыма, што нашчадкі, Як прачытаюць гэты сказ, Не змогуць вырашыць загадкі: А што за век быў? Што за час?.. Быў час, быў век, была эпоха, Калі, наеўшыся ў адвал, Сёй-той прыкінуў, што панчоха - Зусім не кепскі ідэал; Калі арлы ляцелі ў космас - Ім крылы зорамі пякло, А кажаны з руціны коснай Насілі харч сабе ў дупло; Калі здрабнелі нават блазны І ўжо ніякі скамарох Не мог дзвярыма ў гневе бразнуць І маску зняць з сябе не мог; Калі ў кампаніі парою Не зразумець было, хоць плач, Хто лезе чокацца з табою: Ці лепшы сябар, ці стукач. Быў час, быў век, была эпоха, Калі гадаў інтэлігент: Чаму стандартны выпівоха Вылазіць часам на прэзент? Калі сёй-той крычаў пра брацтва, А сам ірваўся з капытоў, Каб як мага вышэй прабрацца - Далей ад шэранькіх братоў; Калі ў сталіцы беларускай Культурна-сыты мешчанін Лічыў грамадскаю нагрузкай Язык «тутэйшым» прышчаміць; Калі другі артыст народны Не знаў і двух народных слоў, Затое меў тут харч нязводны І ўволю цешыўся з аслоў. Быў час, быў век, была эпоха, Калі, засвоіўшы «сю-сю», Дыпламаваная цыцоха За «модай» гналася ва ўсю. Калі й пісьменніцкія жонкі Ад «моды» праглі не адстаць, А іх «рабяты і рабёнкі» Бацькоў не ўмелі прачытаць; Калі й тэатр падупалы Даніну «модзе» аддаваў, А цень вялікага Купалы З труны тым часам уставаў, Хадзіў-блукаў ля падаконння, Прасіў: «Браток! Хоць у начы, Хоць ад кашмару, хоць спрасоння На роднай мове закрычы!..» Быў час, быў век, была эпоха, Калі без культаўскіх гужоў Настала ў думках «суматоха» - І сніўся Модэлю Яжоў! Калі звалілі з трона Броўку, А цераз нейкі год-другі Вярнуць на трон хацелі б зноўку - Нанова выбраць у багі; Калі не ўмелі дэталёва У справу ўнікнуць і рашыць, Таму з брандсбойта Кавалёва Узяліся «Полымя» тушыць; У наступ рынуліся пешкі, Лілі ваду за чанам чан - І задымілі галавешкі У вочы бедным чытачам... Быў час, быў век, была эпоха, Калі ў СП сакратароў Хоць і было залішне троха, Ды кіравалі - будзь здароў! Калі ў бюро па прапагандзе Дзеяч, збаёдаўшы літфонд, Наладзіў выездамі гандаль, Каб мець штодзённа выпівон; Калі з сваім радком паршывым Сапселы Скрыпка ўсюды лез, А графаман-бядак Вяршынін Ішоў яму наперарэз; Калі да Прокшы «ЛіМ» даехаў, Але ніхто не гараваў, І Ул.Няхамкін, ён жа Мехаў, Адзін газетай кіраваў; Пасля і Прокша ў лібералы Па прастаце сваёй уліп, І Ваня з Федзем паднабралі П'янчуг і невукаў у «ЛіМ»... Ды паспрабуй ты праўду ляпнуць - Цябе стаўкуць на груцу ўраз! Як кажа Ставер: «Тамбу-ламбу, Глядзіш - і спёкся папуас!» Аднак жа хопіць! Больш ні слова, Мне адпачыць даўно пара. Бывай жа, брація, здарова! Да стрэчы, Лысая гара! А хто пісаў паэму гэту, І дзе тварыў ён, і калі - Навечна канула у Лету - І толькі бурбалкі пайшлі!