Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 60
Генрых Бёль
Роберту яшчэ не споўнiлася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, i мне даўно ўжо зрабiлася вiдавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной iронii замала, i яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькi наркотык для тых, хто мае прывiлеi; i мне трэба было зрабiць, што зрабiла за мяне Ёганна: я павiнен быў у мундзiры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькi прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыi:
Ёганна выхапiла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкi выкiнула на вулiцу: нiбы сняжынкi, падалi яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалi дзiкоў, бо панавала найвышэйшая сiла.
— Смеху будзе замала, Леанора, калi яны будуць адкрываць мой помнiк; наплюй на яго, маё дзiця — ад iмя майго сына Генрыха, ад iмя Оты, якi быў такi добры хлопец i ўдалы, а праз тое, што ён быў такi добры i ўдалы, такi паслухмяны — ён стаў мне чужы, як нiхто больш на свеце; i ад iмя Эдыт, адзiнае авечкi, якую я сустрэў у жыццi; я любiў яе, мацi маiх унукаў, i не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы нi вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, нi таму хлопцу, якога я нiколi не бачыў; хлопцу, якi ўкiдаў у нашую паштовую скрынку весткi ад Роберта, велiчынёю з цукерачныя абгорткi, i за гэтае злачынства загiнуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, i нiколi ў iм не было нiзвання iронii; Ота быў iншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця i зрабiўся нам чужы; абплюй мой помнiк, Леанора, скажы iм, што гэта я прасiў цябе так зрабiць; я магу засведчыць табе пiсьмова i заверыць мой подпiс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: "Анёлы спусцiлiся з неба i служылi яму"; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклi яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт i яе брата, якога я змог убачыць адзiн-адзiны раз — калi ён iшоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвiлiны i спужаўся; гэты хлопец нёс на сваiх плячах i шчасце, i лiха; Шрэла — яго iмя я так i не ўведаў — быў нiбы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункi ставiў на дамах невiдочныя пячаткi; я ведаў, што ён выклiча майго сына, i дазволiў яму, гэтаму хлопцу з вузкiмi плячыма, iсцi праз мой двор; на старэйшым маiм сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставiў таўро; Эдыт была не такая: яе бiблейная сур'ёзнасць была гэткая вялiкая, што яна магла дазволiць сабе таксама бiблiйны гумар; яна смяялася са сваiмi дзецьмi ў часе бамбардзiровак; яна дала iм бiблiйныя iмёны: Ёсiф i Руф — Ёзэф i Рут, у смерцi яна не бачыла нiчога страшнага; Эдыт нiколi не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваiх дзяцей, Ёганну i Генрыха, — ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, якi быў мне блiжэйшы за iншых; ён любiў мой працоўны кабiнет, мае эскiзы, ездзiў разам са мною на будоўлi, пiў пiва пад час iнаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнiкоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькi гасцей я запрасiў? На пальцах аднае рукi можна пералiчыць усiх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна i я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калi ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўнiцтве абацтва Святога Антонiя; iнаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычнiка; манахi хацелi б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў новым касцёле. "Дрыжаць спарахнелыя косцi", Леанора; яны не выпасвiлi маiх авечак.