Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 2
Генрых Бёль
Злавiўшы яе на якой-небудзь памылцы, ён заўсёды толькi даравальна махаў рукой, гаворачы: "Нiчога, нiчога. Перарабiце гэта, калi ласка". Такое здаралася нячаста, бо свае нешматлiкiя памылкi яна звычайна заўважала сама. Дадаваць сваё "калi ласка" ён, аднак, не забываў нiколi. Калi ёй было трэба, ён адпускаў яе з працы на некалькi гадзiн або нават дзён; калi памерла яе мацi, ён сказаў: "Зачынiм бюро на чатыры днi… а можа, Вы б хацелi на тыдзень?" Але ёй не трэба было вольнага тыдня, нават тых чатырох дзён: хапiла i трох, дый тыя тры днi здалiся ёй у апусцелай кватэры вечнасцю. На жалобную iмшу i на хаўтуры Фэмель, вядома ж, з'явiўся ў бездакорна чорным гарнiтуры; прыйшлi таксама яго бацька, сын i дачка з велiзарнымi вянкамi, якiя яны сваiмi рукамi ўсклалi на магiлу; потым усе слухалi набажэнства, а стары Фэмель, шэфаў бацька, якi ёй падабаўся, шапнуў ёй на вуха: "Мы, Фэмелi, ведаем, што такое смерць, мы, дарагое дзiцятка, з ёй запанiбрата".
Фэмель нiколi не казаў нiчога супраць яе i iшоў насустрач ва ўсiм, пра што б яна ў яго нi прасiла; таму з цягам часу ёй станавiлася ўсё цяжэй прасiць у яго якiх-небудзь iльготаў; ён паступова скарочваў яе працоўны дзень: першы год яна працавала яшчэ з васьмi да шаснаццацi, але ўжо два гады прайшло з тае пары, як яе чыннасцi былi арганiзаваныя так рацыянальна, што яна добра паспявала зрабiць усё з васьмi да трынаццацi, i ў яе было яшчэ досыць часу на тое, каб панудзьгаваць i аддаваць цэлыя паўгадзiны на чыстку масянжовай шыльдачкi. На ёй немагчыма было ўжо згледзець нiводнай, нават самай маленькай плямкi!…Уздыхнуўшы, яна закруцiла корак на бутэлечцы, акуратна згарнула анучку; па-ранейшаму грукаталi друкарскiя машыны, бязлiтасна друкуючы на белай паперы дакументацыю; па-ранейшаму цякла на асфальт кроў з дзiка. Практыканты, грузавiкi, манашкi, вулiчны рух.
Чырвоная картка ляжала на пiсьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: "Болей нiкому". Нумар тэлефона, якi яна ў гадзiны нуды, саромеючыся свае дапытлiвасцi, пасля напружаных пошукаў здолела высветлiць: гатэль "Прынц Генрых". Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цiкаўнасць: што ён рабiў кожнае ранiцы памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю ў гатэлi "Прынц Генрых"? Халодны голас у трубцы: "Няведама што…" Цi ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго "калi ласка"? Toе парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабiлася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць i аўтамат.