Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 241
Васіль Быкаў
Ня ведаю, ці пісаў што яшчэ Адамовіч у ЦК, я на тую гісторыю амаль забыўся. Але як бы то ні было, Сеўрук усё ж вылецеў з ЦК і апынуўся… намесьнікам галоўнага ў «Известиях». Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам прэзыдэнта РБ. З чым абодвум — нашае зь нябожчыкам [Алесем Адамовічам] віншаваньне!
107. Курапаты
У краіне пачало адбывацца штось незвычайнае, немагчымае ніколі раней. Шмат якія газэты, нават маскоўская «Правда», пісалі аб неабходнасьці перабудовы, беспэрспэктыўнасьці савецкай эканомікі. Я надрукаваў некалькі артыкулаў у «Известиях» (шчыраваньнем Матукоўскага), у «Зьвязьдзе» і нават у «Советской Белоруссии». Галоўным чынам наконт нашага нядаўняга мінулага. «Комсомольская правда» зьмясьціла мой артыкул у абарону духоўных каштоўнасьцяў. То быў адказ на публікацыю вядомага ваяўнічага бязбожніка, прафэсара Крывялёва. Цяпер бы я такі артыкул не пісаў, але што зробіш, упушчанага ня вернеш. Тады здавалася, што рэлігія будзе на баку дэмакратыі, бо Хрыстос па сутнасьці быў дэмакратам. Аднак сталася інакш. Праз дужа кароткі час праваслаўная царква і камуністы даволі гарманічна паядналіся — галоўным чынам на еднасьці імпэрыялістычнай ідэі, што прычынілася да разбурэньня рэлігійных ілюзіяў у постсавецкім грамадзтве.
Старая савецкая ідэалёгія ўпарта не хацела саступаць са сваіх пазыцыяў. Калі Элем Клімаў зьняў па сцэнару Адамовіча неблагі фільм пра партызанку, чыноўнікі ад кінематографу рэзка супрацівіліся. Зьняты ў Беларусі, ён, натуральна, ня мог абысьці ўвагу беларускага кіраўніцтва, і калі фільм неяк падтрымліваў Кузьмін, дык рэзка супраць выступаў аддзел культуры ЦК. Аднойчы менавіта Кузьмін арганізаваў абмеркаваньне фільму грамадзкасьцю, для чаго былі запрошаны партызаны, ветэраны, некаторыя пісьменьнікі. Мы з Сульянавым выступілі ў падтрымку фільму, Антановіч — супроць, і з таго часу рэзка разышоўся з Адамовічам.
Toe разыходжаньне не было нечаканасьцю для абодвух. Супраць Адамовіча на тым часе стварылася пэўная апазыцыя ў Беларусі, асабліва сярод маладых нацыяналаў. Прычына таго была простая — Адамовіч сваю прозу пісаў парасейску, хаця літаратуразнаўства і крытыку — па-беларуску. Аднойчы ён зьмясьціў (здаецца, у «ЛіМе») дыскусійны артыкул пра неабходнасьць падвышэньня інтэлектуальнай вартасьці беларускай прозы, якая, на думку аўтара, празьмерна ўпадабала грэцца каля нацыянальнага «цяпельца». Toe выклікала гарачае незадавальненьне маладых, падагрэтае пэўнымі людзьмі з ЦК. Урэшце і кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Ніл Гілевіч стаў у шэраг праціўнікаў Адамовіча, што стала для апошняга зусім нясьцерпным і падрыхтавала ягоны ад’езд у Маскву. Там яго абралі дырэктарам інстытуту кінамастацтва. Шмат хто ўзрадаваўся ад’езду, мне ж стала дужа сіратліва бяз Сашы. Хаця ён і званіў з Масквы, коратка пісаў, зрэдку прыяжджаў у Менск, дзе заставалася ягоная сям’я — жонка Вера і дачка Наташа. Але ўжо было пэўна, што ў Менск ён ня вернецца — на вялікі жаль ягоных сяброў, якія яго вельмі любілі. Некалі звычайна маўклівы Навум Кісьлік сказаў пра Сашу: «Калі б ён піў, яму б цаны не было». Гэта была вышэйшая адзнака Адамовічу ад пітной кампаніі. Але ў Менску яму даўно стала цесна і душна, зрэшты, таксама як і ў Маскве, адкуль ён аднойчы ўжо ўцякаў менавіта ў Менск. Мабыць, чалавеку гэткага сумленьня і таленту нідзе няма месца на сьвеце. У Менску ён прабыў столькі гадоў толькі дзякуючы падтрымцы Кузьміна, якога насуперак шмат чаму цаніў і нават любіў. Здаецца, тое было ўзаемна.