Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 10

Васіль Быкаў

Апроч клясыкі, у гэтую пару давялося прачытаць некалькі кніжак, якія так ці інакш штось закранулі ў дзіцячай душы і засталіся ў памяці. То выпадковыя кніжкі, часам малавядомых аўтараў. Прачытаў і доўга ня мог забыць ваеннага трагізму кніжкі «У якуцкай тайзе» І. Строда. Або «Ад’ютант генэрала» Май-Маеўскага — гэтую прадцечу шмат якіх наступных «шпіёнскіх» ці «разьведчыцкіх» кніжак пазьнейшых часоў. «Сіўцоў вражак» Асоргіна раскрыў вочы на пасьлярэвалюцыйны час у Маскве. Вядома ж, жахлівы час, убачаны, аднак, з пазыцый трохі інакшых, чым мы звычайна сустракалі ў савецкай літаратуры. Гэта была літаратура 20-х гадоў, творы «папутчыкаў», а не пісьменьнікаў-камуністых. Зь беларускіх у гэтым шэрагу помняцца «Прысады» М. Зарэцкага ды хіба «Спалох на загонах» П. Галавача. Асабліва фінал гэтай хрэстаматыйнай аповесьці.

Дагэтуль маё апавяданьне iшло па дзiцячай лiнii, болей выбiрала з памяцi лепшае цi, можа, нэўтральнае. Але жыцьцё насамрэч было iншым, i памяць захавала шмат якiя грымасы таго дарослага жыцьця.

Вось, памятаю, цi ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краiне iшла калектывiзацыя, па сутнасьцi гвалтоўная лiквiдацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краiне лiквiдоў валася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хiба што паводле клясавай прыналежнасьцi. Сялян агiтавалi, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурнi», ня верылi i тым стваралi канфлiкт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палiтыкi, а як было ў жыцьцi? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы iшоў сход — некалькi дзён запар, сялянаў усё ўламвалi ўступаць у калгас. Тыя ўпiралiся — думалi, нешта залежыць ад iхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача мацi. У дзяцiнстве я дужа адчуваў мамiн настрой i звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я нiколi ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосiць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзiць бацька. Я падскочыў да мацi i пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганiзаваўся калгас». Ну, хай бы арганiзоўваўся, але чаму плача мацi? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада i выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў i засекаў. Во i кармi дзяцей! Дык мацi i плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары i пачалося. Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсii… Жалезнай хадой iшло раскулачваньне. Раскулачылi селянiна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсiх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылi за тое, што ўлетку пляменьнiца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сiла. I трэцяга — як сабатажнiка. Не хацеў уступаць у калгас, упiраўся. Вывозiлi сем’ямi. Памятаю хлопца, зь якiм вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, цi да арганiзацыi калгаса, цi пасьля… I вось ён не пайшоў у школу, i я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкi, а мой сябра хвалiцца: «Мы цягнiком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылi, i я б таксама цягнiком паехаў. А так цягнiка i ня бачыў… Арганiзавалi калгас, прыйшла вясна, даелi бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьцi ня стала чаго. Елi мякiну з травой, крапiву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нiчога не давалi. Ураджаi кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, iшло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такiя моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне i прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось i ўсё, што мы зарабiлi за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такi заробак. Але ж яшчэ з нас i пастаўкi: мяса, воўну, яйкi, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка i рознае iншае, не пералiчыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплацiць? Не кажучы ўжо, каб нешта купiць. Хоць бы штаны хлопцам хадзiць у школу. Пры аднаасобнiцтве ратаваў лён, якi сеялi, апрацоўвалi i апраналiся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалi падатак. Спаганялi страшэнна.