Читать «Нямко» онлайн - страница 7

Алесь Адамовіч

У хаце Кучарыхі рагатаў толькі Ота Залеўскі. Астатнім было не да таго. Франц выбег за дзьверы, на вуліцу. Паліна кінулася на печ, да маці пад крыльца. I стаіліся абедзьве.

Раніцой жанчыны ўсталі, як звычайна, раненька, асьцярожна корпаліся ля печы, даілі карову, кармілі кабанчыка, курэй — усё, як заўсёды. Выйшаў да іх Ота, выспаны, дужа задаволены мінулай ноччу. Яны яго абслужылі цёплай вадзічкай: падрэзаў свае вусы, пагаліў змаршчакаватыя шчокі і шыю, часьцей звычайнага паўтараючы: «Данке, гут, гут!» Франц выйшаў са спальні, як выбег, звонячы зброяй і мэталічнымі карабкамі на поясе, адварочваючы падрапаную, з барвовымі шнарамі, фізіяномію. Не павітаўшыся, пабег на вуліцу. Кучарыха правяла яго спалоханымі вачыма, нават Паліна, зусім ціхая, зьбялелая, стаяла ля шафы, вінавата маўчала. Ота ж проста сьвяціўся ўвесь, як новы пятак.

— Лыбіцца, быццам подмазку зьеў! — не стрывала Паліна. Здаецца, яна пакрыўдзілася за Франца. Старая Кучарыха на яе накінулася:

— Ты хоць гэтага не чапай! Хопіць, ужо дагулялася.

Паліна ціхутка шмыганула за дзьверы. Вярнуліся яны абое, зьміраныя, задобраныя (што яна яму там казала, чым суцешыла?), хоць ты іх з іконай бласлаўляй.

— Мама, у нас лой быў, гусіны тлушч. Памазаць — і пройдзе. Выбегла ў кладоўку, а Франц стаіць і зьбянтэжана пасьміхаецца, пагладжваючы шчокі, лоб, шыю.

— Война, матка, крыг! — спрабуе жартаваць.

— Вы ўжо на яе ня гневайцеся, маладое-дурное, што зь яе ўзяць?

Дзякуй Богу, хоць стары немец пайшоў у прыбіральню, ня хутка вернецца. Паліна ўжо нясе шклянку, беланапоўненую, калупнула пальцам.

— У нас так лечаць, — растлумачыла Францу, — калі хто незнарок падрапаецца. Я змажу ранкі, гут? Не балюча, крышачку.

Франц пакорліва схіліўся. Паліна, водзячы пальчыкам, замаўляе:

— Па саломе, па мякіне, няхай пабаліць і пакіне. Пакуль жаніцца — загаіцца. Зажыве да вясельля.

3

Дзень расправы набліжаўся вывераным ваенным крокам. А вяскоўцам як вушы заклала, вочы заляпіла: так ім не хацелася ў гэта паверыць. За ўсе крыўды Германіі, пасьлявярсальскія пакуты нямецкага насельніцтва павінна была расплаціцца беларуская вёска Петухі. Аб тым ведала адна частка людзей (пастаяльцы), другая ж частка (самі жыхары) з кожным спакойна пражытым днём усё болып верыла: пранесла, на іх бяда не абрынулася, хаця б гэты раз.

Апошнюю ноч, калі ўжо быў аддадзены загад ажыцьцявіць на сьвітаньні (а 8.00) акцыю, Франц амаль ня спаў. Ота Залеўскі паведаміў яму агульнае распараджэньне: больш нікога зь вёскі не выпускаць (але тым, хто зь лесу вяртаецца, не перашкаджаць), па магчымасьці трымаць сваіх гаспадароў у хаце, папярэджваючы, што вось-вось можа пачацца бой з партызанамі, яны, маўляў, падыходзяць, акружаюць. Ота спаў адным вокам, некалькі разоў ноччу прачынаўся і курыў на кухні, бегаў вады папіць ці на двор па патрэбе. Франц ліхаманкава думаў, уяўляў, як гэта адбудзецца. Ота ў яго спытаў, ухмыляючыся: ты, вядома, маладую выбраў? Што ж, падабаецца, бітэ, калі ласка, а я па-старэчы прыгрэю старую каргу.