Читать «Нямко» онлайн - страница 8

Алесь Адамовіч

I ўсё-ткі задрамаў Франц, а калі прачнуўся і пачуў на кухні мірныя галасы старой і Ота, што ўсё спрабавалі растлумачыць адно аднаму, якая гэта ліхая штука вайна, яго раптам працяў холад, узялі дрыжыкі. Гэтага яшчэ не ставала! Як жа ён выйдзе да іх, як паглядзіць на Паліну, вачыма сустрэнецца зь яе позіркам? О Божа, лепш бы не прачынацца наогул! Ня жыць, ня ведаць нічога гэтага. Бацька, ты любіў паўтараць словы пра чашу, якую Сыну Божаму назначана было выпіць да дна. За нас, каб і мы свае выпрабаваньні прайшлі з гонарам. Ну а сыну твайму — вось такое выпала. Ня я выбіраю, за мяне Фатэрлянд, фюрэр вызначылі маю ношу. Як зь ёю быць, што рабіць мне? У мяне засталася гадзіна часу, хто, хто падкажа?

Чуў, як з двара зайшла Паліна, грымнула дровамі ля печкі. Перад гэтым у пакой да Франца забег ашалелы стары: ты што, забыў, твая пабегла некуды, за яе ты адказваеш! О Божа, няхай бы яна і’сапраўды ўцякла, ня зьелі б за гэта Франца, ну няхай бы пакаралі як сьлед. Ці няхай, калі ўжо на тое пайшло, Ота ўсё гэта зробіць, яму гэта не навіна.

Чутно, як Паліна мые даёнку, пойдзе карову даіць, а сюды ізноў уляціць гэты ашалелы падганяць Франца. Вось ён, аж задыхнуўся ад гневу, словы ў глотцы заселі.

Франц адно махнуў рукой, навешваючы на плячо аўтамат і кіруючы на кухню. Павітаўся з гаспадыняй, яна паабяцала:

— Зараз Паліна малачка сьвежага прынясе, а вы трошкі шпацырэн. Будзе апэтыт гут. Да чаго здольная да моваў. Што ж, Франц пагуляе, а то яго апякун хутка забрэша ад абурэньня.

Франц накіраваўся да варотаў, выглянуць на вуліцу. Чутно, як у хляве за ня шчыльна прычыненымі варотамі пішчыць, патрабуе кармленьня кабан, далятае голас Паліны, што пакрыквае на неспакойную карову. Усё так мірна, звычайна. I такі сонечны ранак. Самы чорны ў жыцьці Франца. Глянуў з варот на вуліцу, там нейкі рух, заведзены машыны, перабягаюць вуліцу салдаты. А раптам раздумаў штурмбанфюрэр, гэта ў яго ўладзе, раптам аб’явяць: акцыя адмяняецца, адыходзім. Ну няхай другі раз, няхай недзе, але ня зараз, ня тут. Зразумейце ж, Паліна, Паліна! Фюрэр мой, Германія, я дрэнны патрыёт, сам бачу, але я яшчэ набяруся мужнасьці, волі, рашучасьці. Я спатрэблюся ў справе. Але толькі не цяпер!

Чутно, скрозь усе ранішнія гукі прабіваецца да Франца, як звонка б’е ў дно даёнкі струмень малака, ласкавы голас Паліны, што ўгаворвае: «Стой спакойна, што гэта з табою сёньня?» Ох, дзяўчынка, дзяўчынка, нават быдла нешта чуе, а ты — як жа ты ня бачыш, што рыхтуецца? Сказаць ёй, махнуць на ўсё рукой і папярэдзіць! Ну і што, куды яна цяпер уцячэ, дзе схаваецца, калі ўсё пачне гарэць, а яшчэ Ота, ужо ж ён ня дасьць парушыць загад! Раней трэба было, хаця б учора, пазаўчора. Чаго чакаў, чаму так не зрабіў? Але ж гэта здрада, гэтым ты здраджваеш інтарэсам свайго народу. Які там яна, гэта дзяўчына, вораг для Германіі, але важны прынцып: дзейнічаеш патаемна, за сьпінай усіх, парушаючы загад, у інтарэсах не Германіі, а яе ворагаў.