Читать «Нямко» онлайн - страница 5

Алесь Адамовіч

А ў Паліны з Францам наогул поўны парадак. Тым больш, што ён ведае мову. Гаворыць, праўда, марудна, шукаючы словы і расьцягваючы іх, як дзіця, часам блытае націск, але да гэтага прывыкаеш. Як прывыкаюць да заіканьня даўняга знаёмца. Амаль не заўважаеш. А ў іх абодвух такое адчуваньне, быццам ня тры дні, а са школы знаёмыя. Словы ім ня дужа і патрэбныя. Усьмешка, кароткі жэст ці позірк, непрыкметны рух плячыма, і яны ўсё сказалі адно аднаму і ўсё зразумелі. Ну а калі старым гэта не падабаецца, незразумела — тым болып забаўна і весела гуляць у гэтую гульню Паліне і Францу.

Бацька (Франц цяпер гэта ацаніў) непрыкметна, але вельмі ўмела скіроўваў яго цікаўнасьць і здольнасьці менавіта да моваў — лацінскай, ангельскай, расейскай. Толькі цяпер Франц пачаў кеміць: тым самым ягоны фатэр працівіўся агульнай пошасьці — анічога апрача свайго ў сьвеце не цаніць, усё зьвесьці да нямецкага кораня, сэнсу, разуменьня. Тое, што Франц моцна захапіўся расейскімі кнігамі, а таму і моваю, мабыць, заслуга (ці віна) Дастаеўскага. Ён прыцягваў тым, што пужаў. Калі быў малым, сястра дала Францу ў руку сталовы нож і раптам паднесла да яго нейкую чырвоную падкоўку (магніт) — нож разам з рукой пацягнула незразумелая сіла. Ажно ўскрыкнуў і ўпусьціў нож. Такая ж вусьцішная сіла — у кнігах гэтага расейскага пісьменьніка. Нешта выцягвае зь цябе, чаго раней, здаецца, і не было, быццам і ня ты гэта.

У вачах Паліны Франц мала чым адрозьніваецца ад тых хлопцаў з суседніх вёсак, якіх заманьвалі знакамітыя на ўсё навакольле петухоўскія вечарынкі: прыходзілі пад чаркаю, спачатку трымаліся ўсе гуртам, рыхтуючыся да адпору, калі іх пакрыўдзяць, а прыцемкам разьбягаліся за петухоўскімі кралямі, хто куды, як рахманыя цяляты, даводзілася іх абараняць, апекавацца імі, не папускаць іх у крыўду мясцовым раўніўцам. Франц цягаў ваду, сек дровы, нават расаду памідораў гэтая дзеўка прымусіла высаджваць на агародзе, старога Ота гэта зацікавіла. Ён стаяў ля агароджы зь люлькай у роце і цікаўна пазіраў, як гітлерюгенд няўмела гнецца над градкай, а на шыі аўтамат матляецца, грэбаецца, як курыца, у зямлі, запэцкаў ад няўмелага стараньня нос, шыю.

Старая Кучарыха час ад часу дзе-небудзь адлоўлівала дачку, шыпела, як гуска (але нехта сказаў бы: добрая гуска):

— Супыніся, дзеўка, што ты сабе думаеш? Што ты над ім свае штучкі вычвараеш? А калі яго камандзірам гэта не даспадобы?

— А вы ведаеце, мама, яму крыху болын гадоў, чым мне. А вырас — гляньце, які дылда!

— Вы ўжо і гадкамі памераліся! Дурное і ёсьць дурное, тое і яно, дзіця горкае. Ды толькі гэта табе не гульня! Ох, яшчэ пакажуць яны сябе, чуе маё сэрца!

I паказаў… У тую ж ноч.

Бадай, ніводная дзяўчына не падабалася так Францу, як раптам гэтая кінулася ў вочы — з бандыцкае вёскі. Ды калі папраўдзе, нічога сур’ёзнага і не было яшчэ ў яго з жаночым племем. Хаця сярод аднагодкаў, асабліва калі быў у маладзёвым лягеры «Сіла праз радасьць», ня горш за іншых выстаўляўся вопытным лавеласам, абаяльным самцом, які не з чужых словаў ведае, што і як. А сам нават да прастытутак не хадзіў, куды ў маладзёнаў зь лягеру сьцежка была пратаптаная. Ня толькі боязь заразіцца, адгукалася і хатняе выхаваньне ў сям’і пастара.