Читать «Нямко» онлайн - страница 55

Алесь Адамовіч

Сабраліся неяк з Калядом ісьці на возера, падрыхтаваліся, як заўсёды, а Кабтыздоха няма. Дзіўна, Каляда сеў на бярвеньне, што за домам, і Франца запрасіў: маўляў, пачакаем, пакуль прыбяжыць сабака… I вось ён бяжыць ужо зь дзьвюма «кілбаскамі» — другая ў зубах, натуральная каўбаса. Такая ж, якою Каляда Ганса абдарыў. Сабака ляціць проста на гаспадара, а той ужо і нож падрыхтаваў. Прыняў паднашэньне з зубоў дварнягі, пакусанае месца адрэзаў і яму ж кінуў. Усё, пайшлі! Нічога Францу не тлумачыць, быццам і без таго ўсё зразумела. Але пабачыў, што нямко восьвось залямантуе ад зьдзіўленьня, паблажліва растлумачыў. Ды нічога асаблівага. Гэты сьцярвец вынюхаў сьцежку ў падвал прадуктовага магазіну, узяўся цягаць каўбасу праз разьбітае акенца. Каляда і сам спачатку не разумеў нічога, калі сабака першы раз здабычу прыцягнуў, затым зноў, а трэці раз вырашыў за ім прасачыць. I пабачыў, як ён гэта робіць. Той раз Маруся ня кольцы каўбасныя, а «палкі» завезла ў магазін. Дык гэты дурань, ну ніяк не дапетрыць, што за канец браць, а не пасярэдзіне. Біўся, біўся перад кратамі і ні з чым прыбег. Давялося падвучыць крыху, кідаючы звычайную палку, як яе трэба хапаць. Але кольцы сьцервяцу ўсё роўна падабаюцца болын. Вось і сёньня. Сумленны сабака, усё прыносіць гаспадару! Ну як, фатэр! I вось гэты народ вы хацелі прымусіць працаваць на Германію?

Усё цяжэй было Францу разыгрываць ролю нямка ў доме Каляды. Па-першае, Паўлік ня ведае, што яго татка нямы, і зьвяртаецца да яго прылюдна, як да ўсіх, вымагае, дабіваецца адказаў на свае бясконцыя пытаньні. I, натуральна, не разумее, чаму татка яго перастае зь ім гаманіць, «ні мычыць, ні целіцца». (Таткі любімы выраз.) А, па-другое, і акрамя таго, Францу ўжо сорамна падманваць добрых людзей. Асабліва разумніцу-жанчыну, Каляды жонку. Францу ўвесь час здаецца, што ягоны сакрэт для яе даўно ніякі не сакрэт. У Паўліка распытаць магла, а то, магчыма, і Паліна прагаварылася. Вочы ў яе насьмешлівымі робяцца, калі Франц размаўляе зь ёю жэстамі і, сапраўды, мычаньнем. Аднойчы ён у яе прысутнасьці загаварыў з Паўлікам, як гэта рабіў, калі нікога блізка не было. Калі пабачыў, якія вочы парабіліся ў гаспадыні, спахапіўся і зразумеў: яна ні аб чым не здагадвалася!

— Дык вы… Дык што ж гэта?.. — сама амаль анямела, мычыць, як Франц да таго.

У той жа вечар яны з Палінай расказалі ўсю сваю гісторыю гаспадарам, адысэю сваю, пачынаючы з таго ранку, калі лёс Франца надламаўся напалам і іх жыцьці пайшлі поруч. Паліна не магла ня плакаць, тым болын, што гаспадыня проста рыдала, мабыць, і над уласным лёсам: пасьля блякадных балотаў яна стала поўным інвалідам. Але вось, не была б гэта жанчына: Паліна плакала яшчэ і таму, што цяпер, калі Франц ужо не «нямко», усім куды прыкметней будзе, што жонка ў яго «чарнамордая пачвара». (Зрэшты, скажы ёй хто-небудзь, што і гэта горыч у яе сьлязах, зьдзівілася б і запратэставала). А Каляда ўсё ўспамінаў Кучэру, гэта ж трэба, затаіў, не паверыў нават сябру. А хіба Каляда не зразумеў бы, ён што — эякавэдыст ці стукач? Гітлеры прыходзяць і адыходзяць, а нямецкі народ застаецца.