Читать «Нямко» онлайн - страница 57

Алесь Адамовіч

— Ведаю, чаму табе так хочацца безь людзей, у дзікім лесе жыць. 3 такой жонкай — ні сабе, яі людзям паказаць!

I звыкла трымаецца рукой за шчаку. Левае вока ў Паліны крыху зьліплася, бачыць, але ўсё роўна не як у людзей. Франц не спрачаецца, проста глядзіць, але так, што Паліна, успыхваючы румянкам, сьмела прыбірае руку.

— А, як хочаш! Якая ёсьць, такая ёсьць! — кажа з гульлівай абыякавасьцю, а ў вачах усё роўна блізкія сьлёзы.

Убачыў Франца я, усю яго немалую сям’ю на партызанскай сустрэчы ў лесе побліз вёскі Зубаравічы. Гэта былі ўжо хрушчоўскія 60-я, такія сустрэчы сталі дазволенымі, рэгулярнымі, звычайна 9 траўня. «Рамантыкі сталінізму», а менавіта так хочацца назваць многіх партызан гэтага часу, прынялі з рук выкрываўцы іх «галоўнакамандуючага» тое, да чаго ён сам, Сталін, блізка іх не падпускаў, але «Мікіту» тым ня менш недалюблівалі, а «генэралісімуса» па-ранейшаму ўшаноўвалі. Так і не даведаліся, а даведаліся, не паверылі б, што рыхтаваў і ім крывавую лазьню, можа быць, адразу пасьля габрэяў, і толькі сьмерць перашкодзіла яму аддзячыць іх па-сталінску.

Да таго часу на месцах ужо адбылося «амаладжэньне кадраў», у райкомах і райвыканкомах на зьмену былым партызанам прыйшлі іншыя людзі, але ў цэнтры, у Менску, яны сядзелі шчыльненька, а таму раённыя кіраўнікі такія партызанскія сьвяты арганізоўвалі з усім партыйным размахам. Высылалі на «месцы баёў» буфэты, загадзя будавалі дзе-небудзь на лясной паляне ці ля ракі трыбуну, вылучалі ўласных прамоўцаў, наструньвалі вясковых настаўнікаў, гэтых пакорлівых прыпражных ва ўсіх падобных мерапрыемствах, нават калгасьнікаў стараліся не займаць тэрміноваю працаю, і нават уласнай начальніцкай прысутнасьцю асьвячалі выязныя папойкі. Як калі б да іх наехала начальства з вобласьці ці з самой сталіцы. Улічвалася: заўтра хто-небудзь з гэтых партызанчыкаў папросту сустрэнецца з самым Мазуравым ці Машэравым ды і падзеліцца ўражаньнямі аб пастаноўцы патрыятычнага выхаваньня ў такім вось раёне.

Ну а мы, радавыя народныя мсьціўцы, настроеныя былі мірна-настальгічна нават у адносінах да тых з свайго былога начальства, каго на дух не пераносілі. Самі ж нашы начальнікі працягвалі высьвятляць, хто каго абскакаў пасьля вайны і ці па заслугах. Але здаралася, што жыцьцё і нас сутыкала лбамі. Ды не, не жыцьцё, што нам было дзяліць, а зусім пэўныя, кампэтэнтныя ў такіх справах, органы. Мне, напрыклад, зь нейкага часу езьдзіць на такія сустрэчы расхацелася, хаця многіх пабачыў бы з радасьцю. Але неяк сорамна было сустракацца зь вясёлым сваім камбрыгам, які, прасьцецкая душа, падпісаў супраць мяне генэральскае пісямко ў беларускай газэце з гнеўным палкоўніцкім асуджэньнем «пацыфіста» і «абстрактнага гуманіста». Ну што, высьвятляць зь ім, якія бываюць гуманізмы? Абстрактныя, не абстрактныя? Большае дурноты не прыдумаеш. Або такі ж ліст майго аднагодка, які аж у маскоўскай «Красной звезде» выліў сваю горыч, што давялося яму партызаніць з чалавекам, які паклёпнічаў на нашых гераічных генэралаў.