Читать «Нямко» онлайн - страница 54

Алесь Адамовіч

Прыняўшы каралеўскі дар ад Каляды з дагодлівай усьмешкай, падзякаваўшы рускім «спаснбо», Ганс чамусьці і не падумаў падзяліцца з двума сваімі напарнікамі-немцамі. Сунуў, нахаба, каўбасу за пазуху і, як прысуд, н і ч о г а ў і х н я б у д з е н і к о л і, к а л і т а к і м і к а в а л к а м і р а с к і д в а ю ц ц а!

Вось і любі «свайго» за тое толькі, што ён свой, а не чужы. Але Франца зьдзіўлялі і яго новыя «свае», зь імі таксама не засумуеш. У Каляды быў нікчэмны сабака зь дзіўнай мянушкай Кабтыздох. Паводле азначэньня гаспадара: сумесь мятлы з лаўкай. Заўсёды бегаў за ім на рыбалку.

У выходныя дні Каляда запрашаў парыбачыць і Франца. Навучыў яго абуваць лапці і нават нлесьці іх самому — Франц вымушаны быў пагадзіцца, што не адна толькі галеча прыдумала гэты лазовы абутак, але і кемлівасьць. Пайшоў аднойчы ў гумовіках, так замучыўся, чэрпаючы гразь халявамі, а тут — што зацякло, тое і выцекла. Лёгка, зручна. Бывае, што і азябнеш, «як цюцік», ну але ад гэтага вядома, што за лекі. Каляда, паказваючы на жонак, скардзіўся: яны думаюць, што мы дзеля задавальненьня п’ем, а мы — дзеля здароў’я. На рыбалку два маршруты: кароткі — на Чорнае возера, доўгі — на Прыпяць, рака не вузейшая за Рэйн. Вада ў тарфяным балоце вугальна-чорная, зачэрпнеш далоньню — мноства ўзважаных часьцінак, і тым ня менш адчуваньне дзівоснай чысьціні, нават стэрыльнасьці. Кажуць, лячэбнае возера, і ў гэта можна паверыць. А вось рыбы ў ім малавата, мізэрная, дробная. Затое на Прыпяці столькі бралі рыбы таптухай — так тут называюць на дубцах расьпятую сетку, — што і вазок не пашкодзіў бы, данесьці было цяжка. Трымай мацней вялізны сачок і не лянуйся, заганяй нагамі ў яго лянівых самоў, з кабана вагой. Па Прыпяці марудна праплываюць бясконцыя плыты, крапежнае дрэва для вугальных шахтаў Украіны — адчуваньне прасторы, першастворанасьці. А дубы, дубы — над вадой і наогул куды ні кінь вокам! Нешта падобнае, такія ж дубровы, на пад’езьдзе да Бэрліну. Будзе пра што расказаць бацьку. Любіць ён экзотыку — і ў людзях таксама. Яму, напэўна, спадабаўся б Каляда. 3 гэтым чалавекам не засумуеш.