Читать «Нямко» онлайн - страница 38

Алесь Адамовіч

Быў у нас у атрадзе свой Фуксон, не, нічога зь ім такога ня здарылася. Пасьля вайны сваёй сьмерцю памёр. На партызанскія сустрэчы акуратна прыяжджаў. Помню фразу, якую наш Мікалай Носаў часта казаў:

— Скончыцца вайна, ты, Фуксон, маеш права казаць: «Я ваяваў». Але калі ты скажаш: «Мы ваявалі!» — глядзі, Фуксон, нос адкушу.

Не, з дружбай народаў у атрадзе было ўсё ў парадку. А Хаім Хануцін, кулямётчык зь першай роты, быў фігурай, якую камандаваньне наогул за прыклад ставіла. Злы ў яго кулямёт, самы гучны ў кожным баі. Быў выпадак, калі выручыў увесь атрад, тады нас прыціснулі да ракі.

Але не магу забыць адну сцэну, на памяць прыйшла, калі апавядаў пра выпадак зь нянашым Фуксонам. (Абедзьве гісторыі аднолькава ня выдуманыя).

Вярталіся мы з «жалезкі». Хадзілі туды і вярталіся, што называецца, гамузам. Цэлай ротай. Менавіта так было ў жніўні, у верасьні сорак трэцяга — падчас «рэйкавай вайны». Перавалілі ўжо небясьпечную «варшаўку», уніклі ўдала самалётаў, які я пасьля трэцяга дня жніўня, калі ўпершыню прагрымеў на ўсёй чыгунцы на Беларусі «канцэрт», ня злазілі зь неба, увесь час віселі над намі. Вырашылі адпачыць у вялікай вёсцы Старое Сяло — хто на траўцы прысеў, хто на бярвенах, прываленых да агароджы, уладкаваўся. Толькі разьмясьціліся — бягуць да нас жыхары зь весткай: а вас тут чакае габрэй з Бабруйску. I ня проста габрэй, а які два гады хаваўся ад немцаў у нейкай жанчыны. Жыў у яе падвале, быў шаўцом, працай яго карміліся, дваіх дзяцей нарадзілі. (Заўважце, гісторыя нечым падобная на Францаву з Палінай).

Ён не пасьпеў яшчэ зьявіцца перад нашымі вачыма, а мы ўжо ведалі: адыходзіў з Бабруйску чамусьці па кантраляванай «варшаўцы», яго, вядомаж, цапнулі паліцаі (профіль!), пераправерылі першае падазрэньне «нямецкім спосабам» — прымусілі штаны спусьціць. I вось нейкім дзівам змог зь іх падвалу ўцячы. Праўда, пасьпелі зь яго выцягнуць, выбіць адрас жанчыны, у якой ад яго дзеці.

Гісторыя, зразумела, сама па сабе неардынарная, ніхто ня стаў бы адмаўляць. Але ў залежнасьці ад таго, як яе пераказваць, на чым рабіць акцэнты, будзеш глядзець на гэтага чалавека. Па-рознаму глянеш. Для нас акцэнт адразу ж зьбіўся на адзін бок: выдаў добрую жанчыну, якая яго выратавала. Цяпер усё залежала, якім ён нам здасца жывы, як павядзе сябе. I хто зь ім распачне размову. 3 ротай ішоў Васіль Емяльянавіч, камісар (далей паедзе на сваім кані: разьведчыкі прыгналі з атраду) — вось яму і накіроўваць размову.

Зьявіўся наш госьць у самым няўдзячным для сябе вобразе. Усё ў ім, як знарок, з выклікам і неўпапад. Неўпапад з агульным настроем роты, з уражаньнем ад папярэдняга расказу пра яго (тая жанчына і выданыя ўласныя дзеці!), з чаканымі паводзінамі яго. Яму б з выразам гора-бяды, віны зьявіцца, а ня з гэтай шыракаротай шчасьлівай усьмешкай на ўвесь габрэйскі твар. Не спадабалася хлопцам нават тое, што звычайна іх цешыць: як радасна кідаюцца нам насустрач тыя, хто доўга і зь вялікай рызыкай шукаў партызан. На шчасьлівае яго «добры дзень» камісар — пытаньнейка: