Читать «Нямко» онлайн - страница 36

Алесь Адамовіч

— Што хром, што нагроб! Калі другія пакідалі, значыць, і я павінен…

— Пра дыскі гаворка, куды іх падзеў?

— А што яны без кулямёта? Самі ж потым папрасілі б: Фуксон, боты трэба пашыць, Фуксон, абцас знасіўся!

— А ты і кінуўся рабіць! Ведаем мы цябе! — гэта той, з ныючай рукой.

— Што тут зь ім базар разводзіць? Ану! — скураны забраў з рук Фуксона вінтоўку, і той аддаў. — Адыдзем туды.

Накіраваліся ў бок невялікай паляны, але скураны раптам азірнуўся на Франца:

— I ты! Пайшлі з намі. «Што, чаму?» — Франц разгубіўся. Аніяк не чакаў.

У яго бок ніхто нават не глядзеў, а тут раптам… Паліна загаласіла:

— Навошта ён вам? Ён хворы, ён немы, ён…

— Ён, ён, ён! — акрысіўся скураны. — Ну што заенчыла? Нічога ня зробіцца з тваім нямым.

— А нашто ён вам, а Божа ж, а што гэта робіцца? — на ўсякі выпадак выкрыквала Паліна, але і разумела: нельга перабаршчыць. Раптам тут ёсьць нехта, хто ведае ўсё пра Франца, успомніць, скажа — вось тады і сапраўды паенчыш. Пабегла ўсьлед, не выпускаючы ні на міг з выгляду, гатовая зноў узьняць бабскі лямант.

Выйшлі зь лесу на паляну, і тут Франц блізка разгледзеў чалавека ў скуранцы, яго вузкі і непрыгожы твар, воўчыя зморшчакі на пераносьсі, нешта знаёмае падалося яму ў бессэнсоўна злым паглядзе, у рэзка апушчаных кутках белагубага роту. Менавіта такім лёгка падпарадкоўваюцца: злосьць, што ідзе ад іх, заўсёдная, як атмасфэрны слуп. Яна і цябе пачынае спавіваць, спачатку няпрыязьзю да яго ж. Але затым ты сам зараджаесься яго незразумелай, незразумела да каго злосьцю — ад неспакою, трывогі, страху.

Куды ён і навошта вядзе ўсіх, і ўсе ідуць? Як быццам ведаюць — нават Фуксон — разумны сэнс і мэту гэтага паходу. Карычневая, пачварна даўгая скуранка зь белымі праплешынамі і трэшчынамі на камандзіры вісіць, як на вешаку, у руцэ ў яго пісталет, а ў другой — вінтоўка арыштаванага. Навошта паклікаў Франца, што ад яго хочуць? Вочы скуранога, здавалася, бессэнсоўна шныраць навокал, але не, пабачыў некалькі бярозак наводшыбе і тут жа скіраваў да іх. Паказаў Францу на белае стройнае дрэва:

— Ты самы высокі, бярыся, гні. Чаго не разумееш? Вось так — гні! Вышэй, вышэй забірай.

Франц паспрабаваў — дрэва толькі пашумела ўжо зжоўклай і парадзелай кронай, не паддаецца. Сапраўды, давялося прыўстаць на дыбачкі і схапіць прыгажуню вышэй, як за горла, зьвіснуўшы, пацягнуў уніз. Перабіраючы рукамі бліжэй да вершаліны, змусіў упартую, што плаўна слабела, прыгнуцца, наваліўся зьверху на яе, локцямі, усім целам, нехта поруч павіс, схілілі, як трэба. Хаця як трэба і што трэба, вядома тут, здаецца, адзінаму чалавеку. Ад яго патаемнай незразумелай думкі ідзе пагроза.

— А ты, — камандуе скураны таму, у каго перавязаная галава, — здымі з гэтага рэмень.

— Сам здыме, калі трэба. Добра, Фуксон, давай твой рэмень.

— ПІто? Навошта? Што вам ад мяне трэба?

— Давай, калі загадваюць.

I той пасьпешліва распаясаўся, цёмны плашч з разьдзьмутымі кішэнямі павіс на ім пачварна, як халат. А скураны распараджаецца далей:

— Прывязвай за нагу. Ну што незразумелага? Нагу. Да бярозы. Рэменем. Зразумеў, нямая ступа?