Читать «Нямко» онлайн - страница 35

Алесь Адамовіч

I вось габрэй сядзіць перад ім, але сытуацыя зусім супрацьлеглая: ня «юдэ» ў руках у «арыйца», а «арыец» — у поўнай яго ўладзе. Досыць габрэю, даведаўшыся, што гэта немец глядзіць на яго, ткнуць у яго бок пальцам, і зь немцам зробяць тое ж, што заслугоўваюць, паводле перакананьня салдат фюрэра, габрэі.

А тым часам нешта зьмянілася ў сцэне, што разыгралася ў лесе. Дагэтуль закручвалася вакол камандзіра ў скуранцы, якога вінавацілі ў нядаўняй бядзе, пагрозьліва лаялі за неразумныя распараджэньні і, падобна, за трусасьць. Скураны падышоў да седака на рэчмяшку, паглядзеў бессэнсоўна, як бы нешта кемячы, і раптам спытаў гучна:

— Чакай, а дзе дыскі да кулямёта?

— Што дыскі, калі кулямётчыка страцілі, кулямёт, — здалёк азваўся паранены ў галаву.

— Усё роўна. Дыскі я даручыў вось яму, Фуксону.

— Якія дыскі, якія дыскі? — азіраючыся, як бы шукаючы падтрымкі, закрычаў чалавек, што сядзеў на мяшку.

— Што значыць «якія»? — не адставаў скураны. — Табе было даручана насіць запасныя. Што, згубіў, кінуў?

— Нехта нешта ня так зрабіў, пабег першы, а вінаваты Фуксон! — непрыемна высокім голасам выкрыкваў, адбіваўся гаспадар мяшка.

— Ты за другіх не хавайся, — умяшаўся паранены ў руку, крывячыся, мабыць, ад ныючага болю, — кожны за сябе адказвай.

— Што ў цябе там, чым мяшок набіты? — усё болын рашуча наступаў скураны. Здаецца рады, што пра яго віну забыліся. — Вось гэта ён ня кінуў? Ану, разьвяжы!

I яшчэ нечы голас прагучаў, далучаючыся да камандзірскага:

— За згубленую зброю, ведаеш, што ў нас бывае?

Скураны схапіў мяшок за шлейкі і вырваў з-пад седака, той сьмешна па-бабску заваліўся на бок. Зь мяшка вываліліся скруткі скуры, што зіхацела на сьвятле, новыя чаравікі.

— Хром, глядзіце, колькі з той машыны загатовак нагроб! — узрадаваўся скураны. — Нябось, скуру ня кінуў.