Читать «Нямко» онлайн - страница 12

Алесь Адамовіч

— Бедны, плача, — сказала старая, — таксама чалавек. Божа мой, Божа!

А Францу сьнілася яго кватэра ў Дрэздэне: за даўгім хатнім сталом нейкія людзі, мабыць, госьці, але ўсе маўчаць і глядзяць на строга, ва ўсё чорнае апранутага бацьку і разадзетую, як дзяўчынка, маці Франца, якая і з выгляду не старэй за яго сясьцёр. Яны таксама за сталом, зь імі Паліна. Самая малодшая ў сям’і, Галена, крычыць (чамусьці па-руску):

— У нас вясельле, Франц. Глядзі, якая нявеста. Чаму ты плачаш? Ты іх напужаеш.

— Ота ім расказаў, — ціха кажа Паліна і незразумела: — Але ты ня бойся, ён мёртвы.

Ачнуўся, мабыць, ад блізкага выбуху, не разумее, дзе ён, цёмна, як у магіле, але побач нечае дыханьне, нечая прысутнасьць. Далоньню правёў па твары сваім, шчыміць скура ад салёных сьлёз. У горле пяршыць — гэта ад дыму. Немагчыма дыхаць.

— Дзе ліхтарык, запалі, — Паліны голас.

Франц намацаў на скрынцы круглую рукаятку, запаліў сьвятло і канчаткова вярнуўся, вырваўся са сну.

— Табе лягчэй? — спытала Паліна і растлумачыла, у голасе паблажлівая ўсьмешка. — Ты заснуў.

— Так! Сон такі!

— А там сьціхае, чуеш? Ты нахіліся долу, там менш дыму. На гадзіньніку Франца (Паліна ўзяла ягоную руку, каб паглядзець) поўдзень ужо.

Яшчэ цэлая вечнасьць мінула, нешта ў гэтым сьвеце скончылася назаўсёды, а яны трое ўсё яшчэ жывыя. Дым болып ня валіць са шчылін, але ўсё роўна сухім туманам стаіць перад вачыма, ён у грудзях, у лёгкіх, здаецца, што і галаву, і сэрца — усё, усё запоўніў. Паліна ня вытрывала, пачала здымаць шчыт з боку, як яна сказала, лазенкі. Франц кінуўся на падмогу. Пра сябе падумаў: «Wie ein Unterseeboot».

Паліна н е гаворыць, ка б і х н е напалохаць, але сама замірае ад думкі: а ці ўдасца выбрацца, раптам абодва выхады — і праз лазенку, і праз хату — заваліла так, што ня выдзерасься? Францу не дазволіла паўзьці за сабой (ня будзе чым дыхаць дваім у нары!), падбіраючы спадніцу, падсаджаная Францам (усё-ткі паправіла яго рукі, калі ўзяў яе нібыта ня так), уціснулася ў нару і зьнікла. Францу і старой здалося: доўга, нясьцерпна доўга яе не было. Спачатку чуўся асьцярожны кашаль, а затым і яго ня стала чутно. Франц бессэнсоўна спрабаваў промнем ліхтарыка высьвеціць задымленую дзірку, ужо і батарэйкі садзіцца сталі, сьвятло цьмянае. Нарэшце зьявілася, і зноў перш ногі, чаравікі, белыя лыткі ног. Франц — ад бяды далей! — адвёў сьвятло ўбок. Прыняў на рукі яе лёгкае стомленае цела, памог стаць на ногі. Што, што там?

— Яшчэ агонь там, жар. Трэба пачакаць.

Выбраліся толькі апоўначы. Усё роўна іх сустрэў несатлелы жар. Франц на гэты раз папоўз першым і атрымаў апёкаў болын. Яму давялося разграбаць выхад. Прапаліў мундзір на локцях, штаны на каленях. Шчыміць скура на запясьцях, шчака, шыя гараць ад апёку, сколькі ні аблізвай іх, ня змочвай сьлінай. Але ўсё-ткі ён падняў, адкінуў вечка (вугольле так і пасыпалася на яго), зрабіў выхад, затоптваючы і раскідваючы чырвонае вугольле, памог выбрацца на паверхню жанчынам. Ужо ноч, але ўся распаленая, куды ні глянь, бачныя за стваламі і скрозь сукі садовых дрэваў папялішчы, што ўсё яшчэ вогненна тлеюць, разьдзьмухваюцца ветрам. Ад хаты Кучарыхі засталася адна печка, зьнізу чырвоная, падсьвечаная жарам, вышэй бялейшая, а яшчэ вышэй — як цёмны абэліск, што ідзе ў чорнае неба. Уражвала цішыня: недзе выў сабака, яму падвываў яшчэ адзін, але гэта не парушала мёртвай, нейкай нетутэйшай цішы, здавалася, яна ідзе проста ў космас.