Читать «Рэшта» онлайн - страница 5

Уладзімір Папковіч

* * * Удзень не пішуцца лісты, я іх адкладваю на потым, калі настане змрок густы і апануе адзінота. Тады з глыбокіх таямніц праб’юцца вонкі думкі, мроі, падобна да вады з крыніц, што лечыць перапад настрою. Бягуць, бягуць тады радкі, душа зліваецца са словам. Той ліст, сардэчна-трапяткі, абудзіць згаслае нанова. * * * Сяргею Рублеўскаму А што сапраўдная паэзія? Не ведаю. Чытаю штосьці. Штосьці не чытаю. Я не вучоны. Слова не даследую. Калі не спіцца, зборнічкі гартаю. Бывае, што зачэпішся знянацку: чаму ж раней на вока не траплялася? Трымаеш кніжку, як малое цацку, з якой яно яшчэ не нагулялася. Смакуеш слова, чуеш пах і гукі, і так і гэтак – вось яно, сапраўднае! Не трэба тут ніякае навукі: яно адно, высокае і слаўнае! Перад табою новы свет адчынены, ты здзіўлены: як жыць было без гэтага? Уся зямля – з чужынамі, з Айчынаю ёсць толькі кропка зьмесціва сусветнага. * * * Мне раілі, як трэба жыць паэту. Ёсць людзі, кампетэнтныя ва ўсім. Не жалься, гаварылі, аніколі свету, І, лепей, меней сутыкайся з ім. Жыві адзін. Жыві сабе і мыслі. Калі ж не мысліш, думай проста так. Глянь, вунь туманы над ракой навіслі. Паслухай, хто там ціўкае ў кустах. Сплылі аблокі. Сонца добра грэе. У белы свет расчынена вакно. Старэе дзень. Паціху вечарэе... І я з прыродай зліўся у адно. Гляджу: цвіце вясновая алея, і далятае шумны гул падзей, і на душы ў мяне цяплее... Імкліва выбягаю да людзей. * * * Старасць мяне штурхае на шалёныя ўчынкі. За сцяной ноч глухая, б’юць у вокны дажджынкі. Ну, а мне не сядзіцца, штосьці цягне на волю. у самоце нудзіцца невыносна мне болей. А сусед мой смяецца: і чаго яму трэба? Ах, нялёгка даецца парыванне да неба. * * * Да ночы сядзіш і чакаеш пісьма, хоць бы якога е-мэйла... Ды ў скрынцы зноў нічога няма, і віртуальнасць знямела. Не мае спраў з табой белы свет, маўчыць, смеючыся таемна. І ты супакойся, занудлівы дзед, да свету стаўся ўзаемна. * * * Ёсць імгненне паміж сном і явай, тут як тут з’яўляюцца прывіды: гарады, пустыні, піраміды, і лугі з някошанай атавай, і цягнік, які на адыходзе, ведаю, заканчвае пасадку. Голас раптам закрычыць: «Валодзя! Вып’ем на апошнюю дзесятку...» Я прымаю хуткае рашэнне: верх бярэ вясёлая распуста. Ляпаю рукамі па кішэнях, ды ў кішэнях, як заўсёды, пуста.