Читать «Адвечны покліч Радзімы» онлайн - страница 4
Анатоль Бутэвіч
А што да легенд, паданняў і небыліц, то яны незлічонымі маністамі атуляюць замак і яго гаспадароў. Пра “гарбаты” саркафаг, у якім нібыта пахавана князёўна, якая зімовым вечарам уцякла ад нарачонага замежнага прынца да каханага хлопца з просталюдзінаў. У чаканні яго прысела на лаўку і замерзла, не ведаючы, што яе абранніка схапілі княскія слугі.
Пра вялізны камень, названы Пярсцёнкам Марысі, і вадаспад “Слёзы Марысі”. Легенда таксама звязвае іх з трагічным каханнем людзей, не роўных па багаццю. А ў гонар Марысі заснаваны знакаміты і адзін з багацейшых у Беларусі Нясвіжскі парк.
Пра Чорную даму Барбару Радзівіл – польскую каралеву, жонку Жыгімонта ІІ Аўгуста. Гэта яе не зацела бачыць побач са сваім сынам ягоная маці – ганарыстая і ўладная Бона Сфорца. Аднак моцнае каханне Барбары і Жыгімонта прабілася праз усе перашкоды. Не справілася яно толькі з няўдзячнай помслівасцю. Атручаная па загаду капрызлівыай каралевы, Барбара увасобілася ў прывід Чорнай дамы. З таго часу яна пасялілася ў Нясвіжскім замку і штоночы абыходзіць пакой за пакоем у пошуках свайго каханага. Ды нідзе не можа знайсці. Тады яна хаваецца ў глыбокія падзямеллі-лёхі, каб наступнай поўначчу зноў выправіцца ў безвыніковыя пошукі. Так доўжыцца ўжо больш за чатыры з паловай стагоддзі.
ВОЗЕРА НАРАЧ
Азёры Беларусі. Гэтымі чыстымі вачамі даверліва ўзіраецца мая Радзіма ў далёкі і недасяжны сусвет, нібыта шукае там паразумення, спадзяецца на ўзаемны давер і спагадлівасць.
З незапамятных часоў вабіла беларуская зямля сваёй прыгажосцю, непаўторнай прыродай, чароўнымі пейзажамі. Цэлымі стагоддзямі і тысячагоддзямі неаднаразова прасавалі яе магутныя ледавікі, каб былі тут пагоркі з нізінамі, лясы з балотамі, рэкі з азёрамі.
Пазіраючы ў чыстыя вочы азёр, вышэйшыя нябесныя сілы пранікаліся да тутэйшай прыгажосці такой павагай, што не маглі псаваць яе. Нават суровы сівабароды Пярун пакідаў свае ўладныя і памаўзлівыя звычкі, калі праязджаў на грымотнай калясніцы над азёрнымі люстэркамі Беларусі. Бо хіба ж станеш рабіць крыўду людзям і прыродзе, калі пазіраеш у даверлівыя вочы-азёры, у люстраную рачную роўнядзь? А гэткіх чароўных люстэркаў на Беларусі – лічыць-не злічыць. Сярод іх сапраўды першай перлінай стала возера Нарач. Легенда пра яго паходжанне таксама звязана з люстэркам.
У адной з тутэйшых вёсак жылі прыгажуня Галіна і хлопец Васіль. Пакахаліся яны моцна, адзін без аднаго жыць не маглі. Васілёк умелыя рукі меў. За што ні возьмецца, усё зробіць адмыслова і прыгожа. Так і змайстраваў ён сваёй Галінцы люстэрка. Ды не звычайнае, а чароўнае. Зірнеш у яго – і пра свой лёс даведаешся.