Читать «Адвечны покліч Радзімы» онлайн - страница 3
Анатоль Бутэвіч
У 1512 годзе Ганна з Кішкаў у якасці пасагу прынясла Нясвіж Янушу Радзівілу Барадачу -- маршалку гаспадарскаму, сябру польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Януш збудаваў тут крэпасць, горад абкружыў земляным валам. Мікалай Радзівіл Сіротка, які здзейсніў паломніцтва ў Святую зямлю, наведаў Італію і “захварэў” там на італьянскія манеры, у 1583 годзе запрасіў у Нясвіж знакамітага архітэктара Яна Марыю Бернардоні. Пачалося будаўніцтва велічнага мураванага замка-палаца, а непадалёку ад яго першага на нашай зямлі барочнага шэдэўра -- езуіцкага касцёла з пазнейшымі непаўторнымі размалёўкамі на біблейскія тэмы.
Дарэчы, Радзівілам шанцавала на трапныя мянушкі, якія замацаваліся так трывала, што многіх уладароў замка інакш і не называлі, як Мікалай Стары, Юрый Геркулес, Мікалай Руды, Мікалай Чорны, Мікалай Сіротка, Крыштоф Пярун, Міхал Казімір Рыбанька, Пане Каханку.
Сваім набыткам і скарбам князі таксама любілі даваць экзатычныя назвы. Згадайма хоць 12 вялікіх і дагледжаных залаў замка: Мармуровая, Залатая, Блакітная, Каралеўская з партрэтамі польскіх каралёў, Гетманская з выявамі польскіх і літоўскіх гетманаў, Сенатарская, Пасольская і г.д. У Альбе, што непадалёк ад Нясвіжа, знаходзіліся летні палац “Суцяшэнне”, дом для асабліва набожных вернікаў “Пустэльніцтва”.
Некалі лічылася, што Нясвіжскі замак быў першым па сваіх ваяўнічых магчымасцях у Вялікім княстве Літоўскім. А шмат хто з ягоных гаспадароў праславіўся выдатнымі вайсковымі здольнасцямі, смела і адчайна абараняў свае землі. У радзівілаўскім Нясвіжы знаходзіліся магутныя гарматы ХVІ стагоддзя, якія трапілі пасля ў многія гарады Еўропы. Гэтыя даўнія помнікі ліцейнага рамяства з адмысловымі ўпрыгожаннямі Радзівілы назвалі гучна і мудрагеліста: Сава, Саламандра, Гідра, Кракадзіл, Цэрбер, Цырцэя, Папугай.
Першымі ў Вялікім княстве Літоўскім па сваіх багаццях таксама былі Радзівілы. Каля дваццаці тысяч унікальных тамоў, у тым ліку старадрукаў і рукапісных кніг, налічвала Нясвіжская бібліятэка. У грунтоўным архіве захоўваліся каштоўныя дакументы з гісторыі Вялікага княства і Польшчы.
Густоўна падабраныя зборы партрэтаў, абразоў, скульптуры, калекцыі саксонскага фарфору, зброі, вырабы мануфактур, палацавыя каміны, размалёўкі, інкруставаная мэбля, скураныя і палатняныя шпалеры, пазалочаны шкляны посуд і шмат што іншае ўпрыгожвала замак, мусіла сведчыць пра магутнасць і значнасць Радзівілаўскага роду. Радзівілы стварылі балетную і музычную школы, драматычны і балетны тэатры, прыдворны аркестр, кадэцкую акадэмію. З імі звязаны выраб знакамітых Слуцкіх паясоў, дзейнасць Смаргонскай мядзведжай акадэміі, друкарняў у Бярэсці і Нясвіжы.
Радзівілы любілі выдзеліцца сярод роўных, падкрэсліць сваю адметнасць і значнасць. Як сапраўдныя гаспадары дзяржавы, яны мелі загарадную рэзідэнцыю – збудавалі ў Альбе шыкоўны палац, разбілі парк, выкапалі сажалкі і каналы, стварылі нават марскую флатылію, якая ўдзельнічала ў паказе гасцям узяцця Гібралтара. Калі ў 1785 годзе Нясвіж наведаў польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Караль Станіслаў Радзівіл, званы Пане Каханку, сустрэў караля ў старым выцвілым уборы. Здзіўленаму высокаму госцю хітра патлумачыў: “Пане Каханку! Лёгка Вашай вялікасці ўбірацца ва ўсё новенькае, калі вы і сам новенькі. А я, каб ушанаваць вас, апрануў свой старэйшы кунтуш, які цэлыя стагоддзі служыў маім продкам!”