Читать «Адвечны покліч Радзімы» онлайн - страница 13
Анатоль Бутэвіч
Пасля смерці Льва Сапегі ягоны наследнік Казімір, маршалак і будучы вялікі канцлер, забыўся пра ікону. Ды аднойчы ў сне да яго з’явілася Багародзіца і папрасіла перанесці абраз у належнае яму месца. Ікону адшукалі і перадалі ў Жыровіцкі храм. Але Багародзіца з’явілася зноў і настойвала на сваім. Знакаміты абраз быў вернуты ў царкву святой Тройцы Чарэйскага манастыра.
З імем Сапегі звязана і Чарэйская плашчаніца 1566 года. Гэты выдатны помнік праваслаўнай даўніны вылучаўся сваімі мастацкімі вартасцямі. Асабліва вышытымі на ім надпісамі. Пазней плашчаніца захоўвалася ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, а падчас апошняй вайны бясследна згінула.
Аднак не толькі ваенныя трафеі адрасаваў Сапега манастыру. У 1596 годзе вялікі канцлер заказаў для манастырскай царквы напрастольны крыж. Як зазначае знаны даследчык беларускай даўніны Е. Раманаў, які на свае вочы бачыў Сапегаву святыню, крыж зроблены “з нізкапробнага серабра і, верагодна, быў пазалочаны”. Меў у вышыню 61 сантыметр, з якіх трошкі больш за палову займала падстаўка. Чатырохканцовы, з трохпялёсткавымі канцамі, кожны з пялёсткаў заканчваўся невялікімі шарамі. Шырыня дрэва на крыжы складала 4 сантыметры, таўшчыня -- 2. Была пазначана і дата вырабу.
Першапачаткова крыж упрыгожвалі каштоўныя камяні. На пярэднім баку знаходзілася адлітае распяцце Хрыста. Справа ад Збавіцеля, у медальёне з пялёсткаў, быў выгравіраваны воблік Багародзіцы, а злева – Яна.
Верхнюю частку крыжа ўпрыгожваў выгравіраваны раслінны арнамент. На адваротным баку – адлюстраванне святой Тройцы з адпаведным надпісам. На чатырох канцах крыжа, у медальёнах, знаходзіліся сімвалы евангелістаў. На бакавінах – арнамент з ромбаў. Арнаменатам шчодра ўпрыгожаны і ўвесь крыж.
Унізе пашыранай часткі падстаўкі меўся абадок. На ім быў выразаны надпіс, які прыводзіць Е. Раманаў: “На честь и на хвалоу Гд-оу Бг-оу во Троцы единому я Лев Сапега канцлеръ Великого Князъства Литовского надаломъ сіи Крестъ на манастыръ Ст-ое Жывоначалное Тр-цы оу именью моемъ отчызном Черей рокоу Ч-S”.
Далейшы лёс крыжа згубіўся дзесьці на пакручастых гістарычных сцежках.