Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 4

Анатоль Бутэвіч

Патрабавалася ювелірнае майстэрства, каб на кольца, шырыня абадка  якога 3 міліметры, дыяметр – 17, а таўшчыня ўсяго адзін міліметр, нанесці літары. Аршанская знаходка мае яшчэ большыя дзівосы -- надпісы зроблены на абодвух баках усіх кольцаў: і тых, што з заклёпкамі, і суцэльных. Гэта робіць кальчугу сапраўды унікальнай, надае ёй асаблівую каштоўнасць. Ад кальчуг масавага вырабу аршанскую вылучае тое, што надпісы зроблены спецыяльна для яе, па жаданню ўладальніка. Таму нідзе больш не паўтараліся.

А што ж сталася з Аршанскай кальчугай пасля? Верагодна, разам з Іванам Грозным у гэтай ахоўнай апратцы царскі дзяк Іван Рыгоравіч Вырадкаў хадзіў паходам на Полацк у 1562 годзе. Пасля ён удзельнічаў у бітве на рацэ Ула, дзе перамаглі вялікалітоўскія воі. Былі захоплены абозы царскага войска, у якім  разам з Пятром Шуйскім змагаўся і атрад Івана Вырадкава. У ліку трафеяў аказалася і ягоная кальчуга. І, мажліва, тады ж гэты трафей быў схаваны ў Аршанскім манастыры. Цяпер жа кальчуга, знойдзеная ў Аршанскім манастыры, захоўваецца ў Гістарычным музеі ў Маскве.

КРЫЧАЎСКАЯ СУДНАВЕРФ

Ці было некалі на беларускіх землях сапраўднае мора? Насуперак доказам старажытнагрэцкага гісторыка Герадота, адны мяркуюць, што Беларусі не пашэнціла стаць марской дзяржавай. Іншыя ж лічаць, што не толькі мора Герадота плюскалася на палескіх прасторах, а нават Чорнае мора сягала  сюды сваімі берагамі.

Так ці інакш, а беларусы і сапраўды маюць непасрэднае дачыненне да марскіх традыцый. І не толькі таму, што многія нашы продкі былі адмысловымі мараходамі. З іхняга асяроддзя часта вылучаліся кемныя і таленавітыя суднабудаўнікі, праектанты, вынаходнікі, аўтары нязвыклых ідэй.

Ды з усіх марскіх старонак беларускай гісторыі найбольш значнай з’яўляецца крычаўская. Дагэтуль здзіўляе факт існавання ў Крычаве суднаверфі, якая спрыяла запачаткаванню расійскага Чарнаморскага ваеннага флоту. Спрычыніўся да гэтай справы  вядомы расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч граф Рыгор Пацёмкін. Пасля ўдзелу ў палацавым перавароце, у выніку якога на царскі трон узышла Кацярына ІІ, Пацёмкін стаў фаварытам імператрыцы, атрымаў у валоданне шмат беларускіх земляў. З 1776 года яму належала і Крычаўская воласць.

Як чалавек кемны і з вялікімі грашыма, граф імкнуўся з выгадай скарыстаць багацці. Вось і заманулася яму ператварыць заштатны Крычаў у прамысловы і гандлёвы цэнтр заходнееўрапейскага тыпу. Ён запрасіў у графства вядомага англійскага філосафа, сацыёлага і юрыста І. Бентама, які дапамог у пабудове Крычаўскай суднаверфі.

Сам жа Пацёмкін у гэты час займаўся прамысловым асваеннем Паўночнага Прычарнамор’я. Ён кіраваў будаўніцтвам ваеннага і гандлёвага флатоў на Чорным моры, узвядзеннем новых рускіх гарадоў. Вось тады граф звярнуў  пільную ўвагу на Крычаў. Незадоўга да гэтага звыклы рытм жыцця быў парушаны тут неверагодным здарэннем: у 1743--44 гадах адбылося антыфеадальнае паўстанне сялян, на чале якога стаяў Васіль Вашчыла. Аднак гаспадары Крычаўскага староства Радзівілы задушылі ваяўнічы дух бунтаўшчыкоў. Разважны розум Пацёмкіна  прывёў да высновы, што сяляне, звыш галавы загружаныя працай, не будуць мець часу на вольналюбівыя памкненні.