Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 3

Анатоль Бутэвіч

Адна з іх належала маскоўскаму князю Пятру Іванавічу Шуйскаму, актыўнаму ўдзельніку Лівонскай вайны. На сваім ваенным шляху ён зведаў шмат перамог. Аднак у студзені 1564 года фартуна адвярнулася ад яго. У бітве на рацэ Ула непадалёк ад Чашнікаў князь не здолеў супрацьстаяць корпусу вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога. Войска  Шуйскага спазнала паражэнне, а сам  князь быў забіты. Ягоная кальчуга захоўвалася ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Пазней Іван Грозны абдарыў ёю вядомага казацкага атамана Ермака, з імем якога звязана асваенне Сібіры. А ў дадатак паслаў і яшчэ адну. Моцна ўсцешаны царскай шчодрасцю, Ярмак не здымаў іх ні днём, ні ноччу. Калі  ў 1585 годзе давялося ратавацца ад раптоўнага набегу татараў, начны Іртыш праглынуў цела Ермака, абцяжаранае важкімі даспехамі. Кальчуга Шуйскага-Ермака ператрывала шмат прыгод і зноў вярнулася ў Маскоўскі Крэмль.

А што ж з аршанскай знаходкай? Даследчыкам удалося прачытаць мудрагелістыя надпісы на маленькіх кольцах. Гэта і адкрыла таямніцу. Зацёртыя  літары склаліся ў словы: “Ивана Грьевіча Выроткова”. Як вядома, майстар-аружэйнік свайго імені на вырабах не пакідаў. Значыць, надпісы сведчылі пра асобу ўладальніка кальчугі, для якога невядомы майстар і выкаваў ахоўнае адзенне.

Іван Рыгоравіч Вырадкаў служыў дзяком (быў такі адміністрацыйны чын) у маскоўскага цара Івана Грознага. Стаў вядомы як ваенны інжынер, адзін з першых будаўнікоў рускіх партоў на Балтыцы. Адбывалася гэта ў самы напружаны час царавання – з 1547 па 1565 гады. Іван Вырадкаў ездзіў у замежныя краіны з дыпламатычнымі місіямі, удзельнічаў у прыёме паслоў польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Браў удзел у асадзе Казані, будаваў ваенныя ўмацаванні. Пасля быў важным царскім чыноўнікам у Маскве, меў частыя выезды з самім царом.

Каб засцерагчыся ад розных нечаканасцяў, і вырашыў ён заказаць сабе кальчугу. Як правіла, яны вырабляліся тады з металічных кольцаў, скляпаных на цвік. Аршанская ж мела зусім іншую будову, адрознівалася ад традыцыйных метадаў кальчужнага рамяства. Яна нагадвае кашулю, мае каля 90 сантыметраў у даўжыню і каля 70 у шырыню. Важыць крыху больш за 12 кілаграмаў. Па характэрных прыкметах яе можна аднесці да кальчугі-байдана. Гэтым словам арабскага паходжання называлі від кальчугі з буйных пляскатых жалезных кольцаў, якія былі высечаны спецыяльным штампам з суцэльнага жалезнага ліста. Вядома, змацаваць гэткія кольцы між сабой было немагчыма. Таму кальчуга складалася з чаргавання суцэльных кольцаў і кольцаў на заклёпках. Гэткія кальчугі называлі яшчэ сечанымі. Дзеля надання магічнай сілы на кольцы наносілі малітоўныя надпісы. Іх упрыгожвалі рознымі ўзорамі.

Усё гэта маецца і на Аршанскай кальчузе, што яднае яе з вядомай кальчугай-байданай, якая належала некалі Барысу Гадунову. Каштоўнасць аршанскай знаходкі не толькі ў старадаўнасці яе паходжання і спосабе вырабу. Асаблівую вартасць маюць надпісы на ёй.