Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 2

Анатоль Бутэвіч

Памер Евангелля 20,5 на  26,5 сантыметра. На кожнай старонцы змешчана 18 радкоў. Колер чарніла каштанавы. Як і ўсе старажытныя спісы Евангелля, Тураўскае таксама адносіцца да тыднёвага апракасу. Тэкст у іх  размяшчаўся ў той паслядоўнасці, як неабходна чытаць яго падчас богаслужэння.

Тураўская знаходка да гэтага часу захоўваецца ў Вільнюсе. У пачатку   60-х гадоў мінулага стагоддзя Евангелле было адрэстаўравана і апранута ў новы пераплёт.

Тураўскае Евангелле дае ўяўленне і пра стан развіцця гэтай зямлі наогул. Як сведчаць легенды, амаль 900 гадоў таму з Кіева па Дняпры і Прыпяці ў Тураў цудадзейным чынам прыплылі больш за дзесяць вялікіх каменных крыжоў. Мо гэта сталася Божай адзнакай святасці гэтай дабрадзейнай зямлі, засцярогай яе ад непамыснасці і неспрыяння? У Тураве здаўна была шырока распаўсюджана пісьменнасць. Ёю карысталіся князі і вяльможы, яна бытавала ў манастырах.

Дзейнічала тут другая па старажытнасці праваслаўная епархія на Беларусі, існавала вучылішча. Мяркуюць, што Кірыла Тураўскі, пакуль у 1161 годзе стаў тураўскім епіскапам, жыў у манастыры, з’яўляўся настаўнікам. І невядома, не знойдзена пераканаўчых доказаў, ці займаўся ён перапісваненм кніг. Аднак добра вядома, што Кірыла Тураўскі належыць да знаных культурных і царкоўных дзеячаў, з’яўляецца майстрам аратарскай прозы, прапаведнікам і асветнікам. Ён першы на Русі “стоўпнік” – чалавек, які цалкам адасобіўся ад жыцейскай мітусні, зачыніўся ў манастырскай вежы і прысвяціў сябе малітоўнаму служэнню Богу. Там напісаў свае першыя творы -- як вынік глыбокіх роздумаў над жыццём. Усяго Кірылу Тураўскаму належыць каля 70 малітваў, прытчаў, павучанняў, пропаведзей, твораў іншых жанраў.

АРШАНСКАЯ КАЛЬЧУГА-БАЙДАНА

Скарбы, як вядома, адкрываюцца нечакана. Так здарылася і ў адным з аршанскіх манастыроў. Амаль 200 гадоў у ягоных скляпеннях хавалася каштоўнасць значна большай вартасці, чым золата і срэбра. Падчас  рамонту ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя будаўнікі знайшлі замураваную ў сцяне запыленую за стагоддзі баявую кальчугу. Працерлі пыл гісторыі і ўбачылі на кольцах літары. Яшчэ больш здзівіліся дойліды: не буквар жа гэта манаскі, не азбука школьная!

Каштоўны здабытак перадалі ў Віленскі музей старажытных рэчаў. Вопытныя спецыялісты як вялікую загадку разгадвалі яе паходжанне. Высветлілася, што незвычайная знаходка адносіцца да ХVІ стагоддзя. Суровым выпрабаваннем для беларускіх земляў стала Лівонская, альбо Інфлянцкая вайна. Барацьба Расіі ў 1558--83 гадах супраць Лівонскага ордэна, Швецыі,  Польшчы і Вялікага княства Літоўскага за выхад да Балтыйскага мора насіла зацяты характар. З тым далёкім часам і з беларускай зямлёй звязаны лёс ажно дзвюх кальчуг.