Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 10

Анатоль Бутэвіч

Быў акурат той спрыяльны час палеаліту, калі чалавек актыўна асвойваў новыя тэрыторыі. Пра гэта сведчаць адкрытыя археолагамі самыя старажытныя стаянкі першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі. Яны выяўлены поруч з вёскамі Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёнаў. Тады ж каля сучаснага пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне, пачалі дзейнічаць першыя на Беларусі шахты, дзе здабывалі крэмень. Там былі і першыя майстэрні па вырабу сякер, дроцікаў, нажоў, іншых прылад. Гэта спрыяла развіццю палявання. Не толькі на тура, высакароднага аленя альбо лісіцу з зайцам. А і на магутнага маманта.

Відзьма-нявідзьма было іх тады на беларускай зямлі. І не толькі мамантаў, а і іхніх супляменнікаў – валасатых насарогаў, авечкабыкоў, шмат іншых дзікіх жывёл. Найбольш у поймах Дзвіны, Дняпра, ля Прыпяці, на берагах  легендарнага мора Герадота.

Рэкі сталі ці не самымі старажытнымі беларускімі археолагамі: яны вымывалі першыя стаянкі чалавека, рэшткі міжледавіковых жывёлін. Здаралася, з зямлі вылушчваліся велізарныя, выбеленыя часам косці маманта.

Ягоныя чарапы часам нагадвалі магутныя ледавіковыя валуны. Захавалася паданне, што каля адной з вёсак Чачэрскага раёна знаходзіўся валун-чэрап, які ўрос у зямлю. Ён служыў зручным месцам для адпачынку пастухоў. А лічылі яго, пакуль не высветлілася праўда, звычайным каменем.

На беларускай зямлі выяўлена амаль 200 знаходак касцей маманта. Адшукалі нават цэлыя шкілеты гэтай млекакормячай жывёліны, якая ўпершыню з’явілася на свет больш за 200 тысячагоддзяў таму. Мо акурат у той памятны шосты дзень Божага тварэння, калі “стварыў Бог звяроў зямных па родзе іхнім, і скаціну па родзе яе, і ўсіх гадаў зямных па родзе іхнім”.

Рэшткі мамантаў упершыню знойдзены каля Міра, пасля каля Петрыкава, Оршы, вёскі Сухары, што ў Магілёўскай вобласці. Сваімі памерамі і вагой старажытныя маманты палохалі чалавека. Адны толькі іклы мелі ў даўжыню да 3 метраў, важылі больш за 100 кілаграмаў. Даўжыня цела складала 4 метры, а ўвышкі ён дасягаў трох з паловай метраў. Быў пакрыты бурай поўсцю метровай даўжыні.

Аднак чалавек не пасаваў перад магутнымі жывёлінамі. Хітрасць трэніравала розум, а разумнасць вымагала шукаць дасканалыя спосабы палявання. Калі не выручала дубіна ці рагаціна,  на дапамогу прыходзіла хітрасць. Капалі лоўчыя ямы, ладзілі петлі, іншыя прыстасаванні. Рабілі гэта найперш на вадапойных шляхах, калі смага прытупляла пільнасць жывёлы. Хоць ад гэткіх авантур і патыхала небяспекай, ды паляўнічы азарт перамагаў страх. А мо рухала чалавекам звычайная патрэба харчавацца? Трава, жалуды, рыба, вядома, добра. Але ж і мяса нікому не шкодзіла. Упалюеш аднаго такога велікана – і маеш тон сем жаданага далікатэсу.

А яшчэ маманты сталі прычынай з’яўлення прафесіі будаўніка. З велізарных касцей гэтай жывёліны першабытныя людзі будавалі сабе жыллё. Адной лапаткі хапала на цэлую сцяну. Костак жа тых была цэлая гара – майструй сабе хоць сапраўдны палац. Толькі прыкрая нязручнасць дакучала першабудаўнікам. Аднаму тую костку і з месца не зрушыць. Дык ці не ў той даўні будаўнічы час запачаткавалася знакамітая талака, якая і дагэтуль добра вядома беларусам?