Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 11

Анатоль Бутэвіч

Рэбры маманта скарыстоўвалі ў якасці латаў. Скура магла б згадзіцца на страху, аднак зацягнуць яе на рэбры-латы не маглі нават талакой, бо важыла яна некалькі тон. Па хрыбце, калі паставіць яго вертыкальна, найбольш смелыя і дапытлівыя маглі б не адно залезці на самае высокаае дрэва, але і зазірнуць на сёмае неба альбо на той Парнас, дзе пашчасціла пабываць палясоўшчыку Тарасу з вядомай беларускай паэмы “Тарас на Парнасе”.

Вось так у калектыўных клопатах пра хлеб надзённы ды пра сховы ад дажджу і дабрылі беларусы да сапраўднай цывілізацыі.

ПАЎСТАНЕЦ І ДАСЛЕДЧЫК АДОЛЬФ ЯНУШКЕВІЧ

Гэта пра яго цікавіўся ў 1863 годзе Іван Тургенеў, калі з Бадэн-Бадэна пісаў у Расію: “Даведайцеся, калі ласка (гэта вельмі патрэбна), ці не былі перакладзены з польскай мовы і  надрукаваны ў якім-небудзь часопісе “Пісьмы з кіргізскага стэпу” Адольфа Янушкевіча”.

Гэта яму прысвяціў два вершы паэт-дзекабрыст Аляксандр Адоеўскі.

Гэта ён вязнем Віленскага Базыльянскага кляштара, ператворанага ў 1823 годзе ў дзяржаўную турму для палітычных, з’яўляецца ў паэме Адама Міцкевіча ”Дзяды” пад імем палымянага рэвалюцыянера Адольфа. Яму дасылаў Міцкевіч ліст з Парыжа ў заснежаную Сібір са словамі спачування.

Гэта ён з'явіўся адным з першых грунтоўных даследчыкаў характару, быту і жыцця казахаў.

Гэта яго, як «няўмольнага ворага» шмат разоў сваёй уласнай рукой выкрэсліваў са спісаў на вызваленне з сібірскай ссылкі цар Мікалай І.

Дык хто ж ён – гэты таямнічы і знакаміты чалавек, які меў такі аўтарытэт у знаным асяроддзі, быў нароўні з выбітнымі асобамі свайго часу і якога так баяўся сам цар?

Чалавек гэты -- Адольф-Міхал-Валяр'ян-Юльян Янушкевіч. Нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Паходзіў са шляхецкага роду. Яго бацька быў падпалкоўнікам польскага войска. Маці ж, Тэкля Сакалоўская, мела блізкае сваяцтва з Тадэвушам Касцюшкам. Адольф вучыўся ў Нясвіжскай дамініканскай школе, у Вінніцкай гімназіі. Бацькі ў 1821 годзе купілі маёнтак Дзягільна, што непадалёку ад цяперашняга Дзяржынска. Адсюль у гэтым жа годзе васемнаццацігадовы Адольф пайшоў у навуку. Стаў студэнтам літаратурнага факультэта Віленскага універсітэта, далучыўся да прыхільнікаў літаратурнага аддзялення тайнага таварыства філаматаў, якое стварылі найперш выхадцы з беларусі Тамаш Зан, Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Ануфрый Петрашкевіч і іншыя.

У 1821 годзе Адольф надрукаваў свой першы паэтычны твор "Мелітон і Эвеліна". Ягонаму натхненню спрыяла тое, што юнак сышоўся ва універсітэце з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, іншымі творча адоранымі асобамі. Ды і сама сівагаловая Вільня проста звінела лірычнымі і свабодалюбівымі настроямі. З-за іх Адольф Янушкевіч і трапіў пад следства, якое трывала ў 1823-24 гадах. Аднак яму пашанцавала: пакуль што ягонай віны не даказалі. Былы студэнт і філамат з'ехаў у Камянец-Падольск да сваіх украінскіх сяброў.