Читать «За наміткай гісторыі» онлайн - страница 8
Анатоль Бутэвіч
Да ліку такіх збудаванняў можна аднесці Полацкі Сафійскі сабор, які на мяжы ХV – ХVІ стагоддзяў быў перабудаваны ў храм-крэпасць з пяццю вежамі, Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне, кальвінісцкі збор у в. Асташына на Навагрудчыне, дом феадала ў в. Гайцюнішкі Воранаўскага раёна. Такі характар мае і Маламажэйкаўская Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць.
Па адных звестках, гэты помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю быў узведзены ў 1407 годзе. 13 мая 1907 года нават урачыста адзначалася 500-годдзе з часу яго заснавання. Аднак згодна з пазнейшымі даследаваннямі лічыцца, што царква збудавана ў 1524 годзе. Сродкі на яе выдаткаваў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі.
Мураванкаўская царква мела шчодрыя ахвяраванні ад роду Сапегаў, Завішаў, іншых знаных людзей. На пачатку ХVІІ стагоддзя яна была адной з самых багатых на беларускай зямлі. А яшчэ ходзіць показка, што Шымко паклапаціўся і пра магчымы “чорны дзень” для царквы. У ягонай труне знайшлі запіску, у якой гаварылася аб схаваных скарбах на патрэбы храма. Было гэта напрыканцы ХVІІІ стагоддзя.
Пра запіску, золата і іншыя багацці, нібыта схаваныя ў труне заснавальніка храма, даведаўся царкоўны апякун зайздросны і злосны пан Кастравіцкі. Гэта стала сапраўднай трагедыяй для тамашняга святара Пятра Афанасевіча. Пан патрабаваў, каб той аддаў знойдзеныя багацці. Палохаў бацюшку, збіваў сям’ю. Нічога не знайшлі, а раз’юшаны пан загадаў задушыць жонку і маці святара, катаваць ягонага брата. Аднак скарбы не знаходзіліся.
Тады ад злосці пан спаліў усе дакументы па гісторыі Мураванкі. Пасля прымусіў перакапаць зямлю ў лёхах і вакол храма, абстукаць усе сцены, разабраць дах. Золата не знайшлі. Каб хоць як адпомсціць царкве і яе служкам, звар’яцелы пан забраў з храма ўсё дабро, зняў багата аздобленыя вароты і перавесіў на свой хлеў. Шмат благога натварыў пан, каб адвадзіць людзей ад царквы, ад праваслаўнай веры. Ды абарончая і духоўная моц, Божае заступніцтва паспрыялі і на гэты раз. Нездарма, значыць, Мураванка называлася царквой-крэпасцю.
Па архітэктуры яна нагадвала сярэднявечныя замкі. Сцены ў тэхніцы гатычнай муроўкі былі выкладзены з моцнай, як жалеза, цэглы. У падзямеллях меліся памяшканні для зброі і вайсковага рыштунку, царкоўных рэчаў. Па кутах узвышаліся 4 магутныя круглыя шатровыя вежы, якія разам з абарончым поясам у верхняй частцы храма надавалі яму баявую магутнасць. Трапіць у вежы можна было толькі знутры царквы па стромых і пакручастых каменных лесвіцах. Меўся таемны ход і гэткія ж выйсці ў сценах.
Царкву-крэпасць ад звычайнага храма адрознівалі байніцы ў сценах і вежах. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя ўваход, як і ў Мірскім замку, абаранялі важкія жалезныя дзверы-герса, якія апускаліся на моцных ланцугах са спецыяльнай нішы ўгары. У паддашшы над скляпеннямі мелася баявая галерэя. На жаль, прагавіты час не пашкадаваў гэтых сярэднявечных абарончых прыкмет.