Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 2
Уладзімір Калеснік
Я далучаюся да разважанняў. Сапраўды, выносілі б спачатку такія справы на суд грамадскасці. Паступова выпрацавалася б атмасфера маральнага асуджэння. У глухіх мястэчках, дзе работнікі перакуміліся, знаючы адзін аднаго па многа год, пачалі б адрозніваць дзелавыя адносіны ад таварыскіх, суседскіх, сваяцкіх. Тады ўжо справядліва было б і паступаць больш сурова. Прысуд падмацоўваўся б грамадскім асуджэннем. Суд і прысуд выхоўвалі б, а не толькі каралі. Фармалізм і таропкасць могуць скампраметаваць добрую ідэю. Выйшаў Указ пра хабар — давай шукаць хабарнікаў! Не знайшлі сапраўдных — давай уяўных для навукі астатнім. Занятак у швейкаўскім стылі: «Няма каму каяцца, давайце я пакаюся». Выходзіць з падобнага фармалізму навука навыварат. Фармаліст пераварочвае дагары нагамі задуму заканадаўца.
Змаўкаю, але думка ўсё трымаецца за тэму.
З любові да вяршынь склаліся поўныя іроніі, сарказму, «высокага» Танкавага смеху вершы «Заява ў гарсавет», «Прысніўся сон, што я — заканадаўца», «Ананім», «I ...іншыя». Што ж вам, людзі, не дае ўзняцца над сабою, узысці на вяршыні, жыць і думаць высока? Лянота сэрца? Беднасць фантазіі? Зласлівасць? У нас такое грамадства, што асабістая загана чалавека становіцца грамадскаю з'явай, бо яна паніжае культуру сужыцця людзей. Вось нейкі журналіст або арганізатар нейкага сходу назваў у інфармацыі толькі тых прамоўцаў, якія выказалі бясспрэчныя думкі, таго ж, хто сказаў нязвычнае і рызыкоўнае слова, інфарматар-бюракрат замаўчаў, схаваў, як паперу пад сукно, пад неўразумелае выслоўе — «і... іншыя». А што ж думалі, што сказалі, што прапанавалі рабіць гэтыя «іншыя»? Тут не проста цікаўнасць,
Пытанні паэта прадыктаваны жывым клопатам пра ўдасканаленне нашай сацыялістычнай дэмакратыі, пра ўзбагачэнне грамадскага жыцця і грамадскай думкі тымі каштоўнасцямі, якія нясуць у сабе ўсе людзі без выключэнняў. Клопат пра кожнага чалавека арганічны для мастака і мастацтва. На гэты раз гуманістычны клопат Максіма Танка супаў з абавязкамі дэпутата.
Так запланаваны сённяшні дзень.
2
Едзем. Пад рытмічнае фурчэнне матора ўспамінаюцца Нарач, маторка, ранейшыя сустрэчы і гутаркі з Танкам, моманты, калі ён аддаваўся ўспамінам і расказваў так яскрава, ды пра такія здарэнні, што можна было падумаць каму-небудзь збоку — каменціруе прыгодніцкі фільм.
...Мінулі Кобрын, вось і Гарадзец, невялікае мястэчка з сельмагам, сярэдняю школай, сельсаветам і праўленнем калгаса — усё гэта выстраілася па баках дарогі, якая адначасна выконвае ролю і галоўнай вуліцы — адзіная брукаваная, астатнія раскоўзаны аўтамабілямі і трактарамі да таго, што грунт ператварыўся ў рэдкую калатушу.
Я на правах гіда стараюся згладзіць уражанне, паведамляю Яўгену Іванавічу, што тут непадалёку быў маёнтачак Грушава, роднае гняздо і сяліба польскай пісьменніцы Марыі Родзевіч. Між іншым, знаёмыя Леапольда Родзевіча казалі мне неяк, што аўтар «Збянтэжанага Саўкі» быў, як сам прызнаваўся, далёкім сваяком, а не толькі аднафамільцам гэтай папулярнай даваеннай раманісткі.