Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 12

Уладзімір Калеснік

Тады, у 1936 годзе, паліцыя самаволяй выдварыла Цімафеева ў СССР — калі ты, маўляў, рускі, ды яшчэ старавер, ды яшчэ дапамагаеш камуністам — валяй туды... А там прынялі яго за шпіёна... Час быў даволі складаны, усялякія нечаканасці маглі ўпрыгодзіцца з чалавекам, тым больш калі ў яго самога было не ўсё проста ў жыцці... Пасля XX з'езда КПСС, каб вярнуць добрае імя чалавеку, органы пракуратуры звярнуліся да Максіма Танка, і ён прыпомніў гэтага чалавека, хоць прайшло больш за два дзесяткі гадоў.

Я слухаю і думаю сабе, як добра, што ў паэта такая памяць на добрых людзей і на добрыя справы. Гэта ж і ёсць тая зайздросная памяць сэрца, якою лёс надзяліў мастакоў.

У вершах Максіма Танка апошнім часам усё часцей і настойлівей гучыць гэта слова — памяць. Мне асабіста здаецца, што вяртанні да перажытага натуральныя ў чалавека, які разменьвае шосты дзесятак. Ды якіх жа гадоў!

Чытаючы ў свой час зборнікі «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы», «Глыток вады», а сёння пераглядаючы гэтыя нататкі, хочацца дадаць яшчэ «Хай будзе святло», я неаднойчы адчуваў, што паэт не падмалоджваецца, не надзяляе лірычнага героя дарам вечнае маладосці, як гэта часам робяць некаторыя шаноўныя аўтары. Каму і навошта патрэбна ўзроставая паказуха: «Я, маўляў, чалавек у гадах, але душа маладая...» Хіба ў нас такая ўжо нястача маладосці і лішкі сталай мудрасці? Хутчэй наадварот. I на гэта ёсць невясёлыя гістарычныя прычыны.

Мне падабаецца, што Максім Танк неяк вельмі натуральна, я сказаў бы, сумленна і мужна пераходзіць са сваім лірычным героем з аднаго ўзроставага пакалення ў другое. Ёсць у гэтым нешта здаровае, нават прыгожае. Паэтычны дыялог з чытачом захоўвае праўдзівасць і ўнутраную чалавечую пераканаўчасць. Тры кругі зрабіла жыццёвая лодка паэта: першы — рэвалюцыйнае падполле ў Заходняй Беларусі, другі круг — Вялікая Айчынная вайна. Цяпер ідзе разварот на трэцім, самым высокім крузе.

Быў час, калі герой вершаў і паэм Максіма Танка ганарыўся і пакутаваў маладосцю, тым узростам, які асабліва балюча адчувае няволю, звязаныя крылы, немагату (паўтару прыгаданае):

На Захад ідуць цягнікі. Лён, жыта, сасна і бяроза... Гляджу і гляджу з-пад рукі, Як моладасць нашу вывозяць18.