Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 11

Уладзімір Калеснік

У адным месцы М. Танк закрануў вершы Ігната Дварчаніна, якія трапілі да яго, перапісаныя інжынерам Сцяпанам, што вучыўся ў Празе, а потым працаваў у віленскім камуністычным падполлі. Дварчанін не прэтэндаваў на паэтычнае імя. Друкаваў ён асобныя вершы, у тым ліку і прыведзены М. Танкам — «Вечнасць», у газетах ды студэнцкіх часопісах, падпісваючы іх крыптонімам «I. Д.», але не выдаў зборнікам, хоць у пачатку 30-х гадоў у Заходняй Беларусі выдаваліся і слабейшыя рэчы. Дварчанін друкаваў толькі «Хрэстаматыю беларускай літаратуры», друкаваў упарта, выпуск за выпускам. Гэтая праца адыграла выдатную ролю ў культурным жыцці Заходняй Беларусі. Па ёй вучыўся і Максім Танк. У мемуарах паэт не быў абавязаны даваць цэласны партрэт Дварчаніна, меў права даць адзін штрых, але крытыка абавязана растлумачыць мімалётнасць такога штрыха.

Ігнат Дварчанін не быў паэтам. Не мог ён стаць і вялікім грамадска-палітычным дзеячам, бо быў літаратарам і рамантыкам па духу. Неўраўнаважаны, чуллівы, ён ад нараджэння быў асуджаны на захапленні і расчараванні, хістанні і пакуты ад уласных памылак. Вось адна спавядальная гісторыя Дварчаніна, узятыя мною з пісьма да Уладзіміра Жылкі. Справа адбываецца ў 1924 годзе ў Пражскім універсітэце. Дварчанін адыходзіць ад эсэраў, уступае ў гурток студэнтаў-марксістаў:

«Жылачка!

Ты кажаш, што мы блізкія і па пераконаннях... Ці ж банкрут каму-колечы блізкі? Ці ж ён мае што-небудзь пазітыўнае, цвёрдае, моцнае? Між двух крэслаў!.. Ёсць адно: грунтоўная класавая свядомасць і, можа быць, трошкі «чэснасці» з сабою...

Адно ў мяне здаровае — інстынкт. Ніколі ў жыцці ён мне яшчэ не здрадзіў, спадзяюся, што і надалей паслужыць, верны таварыш... Скажаш: «Дзе ж марксізм, братка? Гэта лірыка ўсё!» I марксіст можа быць лірыкам. У яго сэрца б'ецца ва унісон з касою селяніна і малатком каваля... I ён мае чуццё!»17.

Здаецца дастаткова, каб адчуць, што Дварчанін — паэтычная натура. Вядома, гэтага мала, каб стаць паэтам на справе, але эмацыянальнасць самавыяўлення была яму ўласціва і, напэўна, перашкаджала ў палітычнай дзейнасці лідэру пасольскага клуба «Змаганне», але яна штурхнула яго на стварэнне ўпамянутай «Хрэстаматыі». Карацей кажучы, асоба Дварчаніна складаная і больш значная ў сваіх супярэчлівасцях, чым пра гэта засведчаць яго вершаваныя творы.

«Лісткі календара» заслугоўваюць, на мой погляд, больш уніклівай увагі крытыкі, чым тая, якая была ім аказана. Кніга выклікае вялікую павагу і вялікую дапытлівасць. Яна чакае грунтоўнага прачытання, каб сказаць шмат цікавага.

Вяртаюся да падарожжа.

Наша гутарка пра архіўныя дакументы навяла Максіма Танка на адзін успамін. I я пачуў развязку гісторыі, якая мяне даўно цікавіла.

Жыў у 30-я гады ў Вільні беспрацоўны, спачуваў камуністам. Партыя абсталявала ў яго на кватэры падпольны гектограф. Там друкаваліся лістоўкі і дэкларацыі Цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху і Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Памятаю, у архіўных дакументах мяне здзівіла рускае прозвішча гаспадара падпольнай друкарні — Цімафееў, а ў графе «веравызнанне» — старавер. У часе вобыску паліцыя знайшла ў яго толькі 12 чыстых клішэ ды некалькі пачкаў паперы. Судзіць няма за што. Як сведчаць дакументы славутага суда над удзельнікамі Літаратурнага фронту і легальнай камуністычнай прэсы, Цімафеева Івана Яўстафавіча апраўдалі. Але што з ім здарылася далей — я не ведаў. Не лёгка адшукаць сляды чалавека, які хоць раз апынуўся каля эпіцэнтра тых землетрасенняў, што калацілі наш край апошнія паўвека. Я не ведаў. Максім Танк, аказалася, знаў.