Читать «Прадыслава» онлайн - страница 6
Вольга Міхайлаўна Іпатава
Некалі Васіль Быкаў у прадмове да першага зборніка апавяданняў і аповесцей Вольгі Іпатавай назваў яе прозу тварэннем прыроджанага празаіка. I гэта сапраўды так. Аглядаючы ўсё зробленае, напісанае пісьменніцай, ловіш сябе на думцы, што пры ўсіх здольнасцях паэта, публіцыста, крытыка, перакладчыка найбольш захапляе яе гістарычная проза. Дыяпазон творчых пошукаў пісьменніцы, якая жыве праблемамі, трывогамі, надзеямі свайго часу, рознабаковы і шматгранны. Аднак менавіта на шляху далейшага асэнсавання гістарычнай тэмы яе чакаюць новыя поспехі і мастацкія адкрыцці.
ПРАДЫСЛАВА
1.
Зямля дыхала гарачынёй. Чэрвеньскі поўдзень, нібы настоены на водары скошанай травы, туманіў галаву. Прадыслава нарэшце прысела на прывялую ад сонца густую траву, што расла пры дарозе.
Вакол была цішыня. Ледзь чутна звінелі пчолы ды шапацелі яшчэ неналітыя каласы жытняга поля. Але дзяўчына нічога не чула, шырока раскрытымі вачыма ўтлядалася ў далячынь. Справа, на ўзвышшы, ляжаў Полацк. Блішчаў на сонцы купал святой Сафіі. Сцяна вакол дзядзінца ўгадвалася па высокіх вежах, а ў прадмесці, бліжэй да вежы, курэў пыл — нехта, відаць, ехаў на кані. На вуліцах знешняга горада соцкія не надта стараліся глядзець за парадкам. Там не былі забрукаваны многія вуліцы, і ранняй вясной альбо ўвосень коні аж па калені ўгразалі ў чорнае тлустае месіва, а летам шэры пыл асядаў на дрэвах так густа, што нельга было нават пазнаць колеру лісцяў.
Але ўсё роўна князь Георгі, бацька Прадыславы, перабраўся з дзядзінца, дзе жылі княжацкія сем'і, амаль на самы канец Полацка, на Вадзяную вуліцу, што вяла да Дзвіны. Ён пасварыўся з братам, вялікім князем Барысам, і назло яму зрубіў багатыя харомы пад самым земляным валам, які аперазаў прадмесце. Тут жыла гарадская бедната, рамеснікі, і сярод шэрых сляпых хацін нечаканым быў вялізны княжацкі дом — новы, з жоўтымі смалістымі сценамі, з разьбянымі церамамі ўверсе і празрыстымі — з заморскай слюды — вокнамі.