Читать «Прадыслава» онлайн - страница 42
Вольга Міхайлаўна Іпатава
Але чаму тут з'явіўся бацька, і маці Сафія, ласкавая і маладая, і дзед Усяслаў — вунь ён там, у куце, стаіць над зямлёй, і ўсмешка ў яго як заўсёды — трошкі таемная, нібыта ён ведае болей за ўсіх нас ды толькі не хоча гаварыць? Чаму яны... сабраліся тут, усе разам, і набліжаюцца да мяне, і радуюцца?!
Мерны, нягучны голас загучаў над ёй. Яна расплюшчыла вочы — чалавек у архіепіскапскім адзенні стаяў каля яе. Хто гэта? Дыянісій? Адкуль?
«Значыць, гэта ўжо ўсё? Значыць, я паміраю. Паміраю... А ўсё я зрабіла, што хацела? Не! Значыць, з гэтым мне і паміраць — што перамог ён? Перамог дабро, справядлівасць? Не! Я павінна яшчэ жыць! Я не хачу паміраць!» Крыж набліжаўся да яе вуснаў, і яна цягнулася да яго, але нешта як бы ўставала паміж імі. І таму, калі яна пацягнулася насустрач, адбылося адваротнае.
Глуха стукнуўся аб падлогу крыж: усё знямелі. Еўпраксія з плачам кінулася да сястры:
— Яна трызніць, яна памірае!
Яна падняла крыж і амаль сілай прыклала да нерухомых вуснаў сястры. Тая не зварухнулася. Горкая ўсмешка з'явілася на твары.
«Я так і ведала. Хіба дазволяць мне памерці так, як я хачу? Я ўсё жыццё не магла зрабіць таго, што хацела, бо ўсё роўна была аблытана зямнымі законамі».
Ёй мроілася: Смерць нахіляецца над ёю, пільна ўглядаецца ў вочы, і ўвесь час хацелася падняць павекі, каб, ударыўшыся з ёю паглядам, хаця на некалькі хвілін адагнаць ад сябе смяротны, невыносны холад, каб дадумаць нешта важнае, што трэба дагаварыць.
— Будзь літасцівая! — хочацца крыкнуць Ефрасінні, але змярцвелыя вусны ледзьве варушацца.
— Вучы шанаваць зямлю Полацкую! — Але ледзяное дыханне Нетутэйшага кранаецца сэрца... Дзіўна толькі Ефрасінні, што, як ні рыхтавалася да смерці, як ні чакала яе,— не пакідаюць душы ва ўрачысты гэты час зямныя справы. I яшчэ нешта далёкае-далёкае трэба ўспомніць, тое, што паднімаецца з-за ўладных, суровых гадоў схімы...
— Адпускаю грахі твае, Ефрасіння... «Грахі? Якія ж былі ў мяне грахі?»
Гарэла галава. Пачыналася трызненне. I яна ўжо не разумела, ці сон, ці ява гэта: гарачы чэрвеньскі поўдзень, тоненькая ганарлівая дзяўчына і высокі хлопец у кашулі наросхрыст, з цёплым, жалудовага колеру загарам на шырокіх грудзях, і вочы яго — сінія-сінія, з пушыстымі цёмнымі вейкамі. Будзіць дрымотны поўдзень імя яе — даўняе, напаўзабытае, якім наракла яе маці:
— Прадыслава... Прадыслава-а-а!
Высахлы архіепіскап доўга ўслухоўваўся ў яе словы, а потым выйшаў у калідор, дзе сабраліся амаль усе манашкі:
— Памірае прападобная Ефрасіння! I ўсё, прасветлая, славіць Бога. Уславім і мы госпада разам з ёй!
Звінелі тонкія галасы. Гудзелі магутныя званы. I губляўся між імі ледзь чутны шэпт:
— Прадыслава-а-а... Прадыслава...
— Прадыслава...
Тлумачальнік:
1) Грыдні - члены княжацкай дружыны. ↵
2) Жывот - жыццё. ↵
3) Камка — візантыйская тканіна. ↵