Читать «Прадыслава» онлайн - страница 5

Вольга Міхайлаўна Іпатава

Гэту тэму працягвае асэнсоўваць пісьменніца і ў аповесці «Чорная княгіня», хаця на першым плане тут жыццё верхніх слаёў: польскага каралеўскага двара і магнатаў Вялікага княства Літоўскага. I на гэтым фоне праз драматычныя лёсы жанчын — унучкі Канстанціна Астрожскага, князёўны Гальшкі, яе маці Беаты Іллёвай і шляхцянкі Евы паказаны многія падзеі сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя. Верная свайму вострасацыяльнаму бачанню далёкай эпохі, пісьменніца і сюжэтнымі калізіямі аповесцей, і публіцыстычнымі аўтарскімі адступленнямі, і праз унутраныя маналогі герояў раскрывае складаную, разнастайную карціну грамадскіх узаемаадносін і праблсм, невырашальнасць якіх паскорыла нацыянальную трагедыю — знікненне Вялікага княства Літоўскага. Гэтыя творы, тэматычна і сюжэтна самастойныя, аднак узятыя разам, уяўляюць адзінае мастацкае палатно, сцэментаванае патрыятычнай ідэяй, якую паслядоўна і настойліва праводзіць аўтар, засноўваючыся на аб'ектыўнасці гістарычных дакументаў і глыбокім пранікненні ў характары канкрэтных дзейыых асоб.

Пісьменніца праз сістэму мастацкіх вобразаў і рэальна жыўшых асоб у сваіх творах змагла напісаць пра далёкае мінулае, але не пра гераічныя падзеі, бітвы, перамогі, а пра глыбінныя плыні жыцця народа і яго таленавітых прадстаўнікоў, ствараўшых духоўную гісторыю нацыі. Гэтай засяроджанасцю, глыбокай зацікаўленасцю да гісторыі і асобы чалавека ў ёй шмат у чым тлумачыцца своеасаблівасць Вольгі Іпатавай як гістарычнага апавядальніка. У яе няма прыхільнасці да вялікіх эпапей або імкнення будаваць сюжэт храналагічна паслядоўна, ва ўсіх падрабязнасцях эпохі. Для аўтара важна даследаваць духоўны свет, маральны вопыт чалавека, праз чый драматычны лёс можна прасачыць, зведаць урокі народнай гісторыі, сугучныя нашаму часу.

Сцвярджаючы непарыўную сувязь пакаленняў, як гістарычную пераемнасць гуманістычных і грамадзянскіх здзяйсненняў асобы, Вольга Іпатава ўключае ў апошнія старонкі рамана адкрыта публіцыстычнае выказванне, прасякнутае болем за страчаныя таленты.

I сапраўды, колькі трэба намаганняў, каб расказаць людзям пра нашу цікавую і багатую на таленты гісторыю. Гэтыя таленты і іх здзяйсненні: творы мастацтва, кнігі, рукапісы — будуць жыццядзейнымі ва ўсе часы, калі пра іх будуць пісаць і памятаць нашчадкі. Дзякуючы пісьменніцкім здольнасцям Волыі Іпатавай, яе пошукам, беларускаму чытачу адкрываюцца многія таямніцы нашай гісторыі. Гістарычная проза пішацца ёю не дзеля белетрызаванага занатоўвання фактаў і звестак, узятых з дакументальных, архіўных крыніц той або іншай эпохі, а дзеля спасціжэння далёкіх стагоддзяў у іх ісцінна чалавечых праяўленнях, дзеля набліжэння да асобы чалавека ў варунках часу. Гістарычнае мысленне Вольгі Іпатавай як мастака абапіраецца на дакладнае сацыяльнае бачанне далёкай эпохі, яе праблем і драм, у цеснай пераплеценасці якіх сам час ляпіў характары людзей, накіроўваў іх волю, дыктаваў лінію паводзін. Проза яе цікавая для нас і кантэкстам пісьменніцкага роздуму аб невынішчальнасці мастацтва, якое жывяць чыстыя невычэрпныя крыніцы народнага вольналюбства. Аўтару ўласціва абвостранае пачуццё памяці, што дазваляе ўваскрашаць далёкія эпохі, ужывацца ў іх. Вядома ж, без ведаў няма памяці, і пісьменніца добра разумее, як бясконца трэба папаўняць свае пазнанні, каб гістарычны матэрыял арганічна ўпісаўся ў мастацкую тканіну твора, стаў дынамічным і займальным, каб чытач змог спасцігнуць сутнасць, глыбінны сэнс і духоўную сувязь эпох. Без гэтага няма мастацкага твора, няма адкрыцця чалавечых лёсаў і гістарычных падзей. Проза Вольгі Іпатавай паказвае жыццё народа не аднамерна, а ў праявах мінулага і сённяшняга, сцвярджае высокую інфарматыўнасць і павучальнасць гісторыі, вяртае сучаснікам гістарычную памяць.