Читать «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій» онлайн - страница 2

Валянцін Акудовіч

Пагаравалі мы, ды няма чаго рабіць. Ускінулі на плечы таго, які нічога не хацеў і пакіравалі за прыхаднямі ў свет. Толькі недалёка адыйшліся, бо раптам той, што ўладкаваўся на плячах, заўпарціўся:

-- Навошта мяне валачы невядома куды, калі мне ўсюды аднолькава добра?

Тут яшчэ нехта кажа: хіба мы цыганы якія, каб на дарозе радзіцца і паміраць?

І то праўда. У нас ёсць свая зямля і на гэтай зямлі сам пан Бог намі апякуецца.

Тады той, што заўпарціўся першым, кажа:

-- Давайце апошні раз Яго папросім: каб нам усім нічога не хацелася.

Пасварыліся трохі, аднак папрасілі – і засталіся на сваёй зямлі. І што потым ні здаралася – злодзеі прыйдуць, халера ці канец свету, нам усё добра. Чужаніцы глядзяць на нас і нічога не разумеюць. Нават Той, які ўсё ведае, дзівіцца і часам перапыніць каго ды запытае:

-- Можа табе чаго-кольвек хочацца?

-- Не, нічога не хочацца. Як яно ёсць, гэтак і добра.

-- Ну дык і няхай сабе,-- скажа. Але перад тым, як зноў схавацца за хмурынку, будзе доўга чухаць патыліцу і нешта мармытаць сабе ў бараду.

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім…

Як я ўжо казаў, жылі яны чорт ведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі – каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што – што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым…

Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.

-- Апамятайцеся, людзі,-- накінуўся ён, -- зямля круглая і таму неба ўсюды аднолькава высокае.

-- Калі неба аднолькава высокае, дак чаму мы маленькія?! – упікнулі яго.

-- Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя,-- запэўніў ён.

-- На ўсё боская воля,-- нагадалі яму.

Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды…

Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.

Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі…

Аргумент

Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.

Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той -- з аргументам.