Читать «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій» онлайн - страница 6

Валянцін Акудовіч

-- Хіба табе не сорамна?

-- Сорамна,-- кажа прыблуда,-- аднаму піць.

Падселі мы да яго і маракуем: напэўна, гэты кароль апошні, бо не шануюць цяпер каралі свайго гонару. Які ж з яго кароль, калі ён голы?

Гэтак тры дні маракавалі, а на чацвёрты Шмуль кажа:

-- Кароль, ён і голы – кароль.

Разумны чалавек Шмуль. Дай Бог яму здароўя. І мы выпілі за Шмуля.

Бадай, і дарэмна… Бо Шмуль абярнуўся сюды-туды і пытаецца:

-- Ці не сорамна вам, хлопцы? Жонкі каторы дзень плачуць, дзеці ад рук паадбіваліся, жыта на зямлю палегла…

Узважлі мы словы Шмуля і не адразу, але пагадзіліся:

-- Сорамна,-- кажам.

Выпілі яшчэ па кроплі і пайшлі брацца за справу. А прыблуда павалокся ў сваё дупло. Зноў голы…

* * *

Дарэчы, кароль без апранахі на тым паляванні застудзіўся і неўзабаве памёр. Мы моцна плакалі, бо ў караля не было дзяцей. А ў Шмуля дзяцей было як гароху і ён таксама моцна плакаў, калі карчма згарэла…

Шмуль добра зарабіў на каралеўскіх строях і прывёз з горада адразу тры бочкі: дзьве былі дубовымі, а трэцяя жалезная. У дубовых плюхалі гарэлка і селядцы, а ў жалезнай -- керасін. Вядома, калі керасін выбухне, то ратаваць ужо няма чаго.

-- Бог не цяля, бачыць круцеля, -- сказаў на папялішчы прыблуда.

А што добрага ён мог сказаць, калі сам голы.

Гаротны лёс

Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.

Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык іх адразу спатрэбілася процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.

Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.

Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы?—нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты

-- Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць,-- было іх меркаванне.

Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на берасце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.

Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць?

Але потым адзін акадэмік згадаў:

-- За мяжой людзі разумнейшыя, -- кажа.

Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.

Гэта вам не жартачкі падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.

Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі і скаргаў можа на сто вёрст напісалі.

Раптам – гарыць. І там, і тут – усюды гарыць. Няма куды бегчы.

Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзьве добра апячэ, дык падскокваем.

Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем…