Читать «Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій» онлайн - страница 5
Валянцін Акудовіч
-- А ці не занадта?
-- Інакш гора вам не абрацца.
Усяму свету вядома, што нават авечкі нам у паслухмянстве саступаюць. Але гэтым разам мы запярэчылі:
-- Няма разліку цябе слухаць. Бога і поп на свае вочы не бачыў. А тут ўсяго мо некалькі крокаў засталося…
І пайшлі ад яго -- далей ясную будычыню выглядваць.
Маналог на купіне
Не, у нашым балоце чэрці не водзяцца, хаця ў нас як нідзе ціха. Мы нават казкі пра чарцей ды іншых нячысцікаў забаранілі. Навошта нам ведаць пра ўсялякае страхоцце. Хіба з гэтага да лепшага будзе?..
Ніхто яшчэ не прыдумаў нічога лепшага, як прыстаць цёплым адвячоркам да мяккай купіны і заспяваць лагодную песню. І хай там нехта кажа пра нашае балота: балота! Недабразычліўцы ніколі не звядуцца ў тых, хто ведае смак шчасця. А ў нас яго ведае кожны і нават штодня. І мы ні ад каго не хаваем сакрэт, як зрабіцца шчаслівым. Трэба і вам па зямлі хадзіць гэтак, быццам пад нагамі багна. І як мы лішне не вылузвацца, бо ў нас калі хто занадта выбрыкне, дык умомант пагразне ў твані па самыя вушы, і ўсе з яго смяюцца. А яшчэ добра было б вам замест дарог нарабіць купін і скакаць з адной на другую. Па дарозе, зразумела, хутчэй трапіш туды, куды патрэбна. Толькі хто ведае, куды яму патрэбна? Вы хіба ведаеце? А калі скакаць, як мы, дык чаго б там хто не выдумляў сабе, а няма ў яго іншага шляху, як з гэтай купіны на бліжэйшую. І нават калі з’явіцца ў каго недарэчнае жаданне трапіць вунь на тую выспу, то як пачне ён скакаць, дык нагэтулькі заблытаецца, што хутка ўвогуле не будзе ведаць, дзе цяпер апынуўся і чаго хацеў, плануючы дарогу. А сапраўды, навошта яму тая выспа? Можа там абаранкі з макам задарма даюць?.. Ага, дагоняць і яшчэ раз дадуць!
Гэта адно дурні лічыць, быццам там лепей, дзе іх няма. А мы не дурні і добра ведаем, што нічога лепшага за нашае балота ніхто яшчэ не прыдумаў. І калі гнявім Бога, дык адно за тое, што Ён неба зрабіў лішне вялікім. Каб яно паменела, дык буслам не ставала б дзе крыламі махаць. От жа шкоднае стварэнне!
Кожную вясну мы спадзяемся, што можа ўжо на гэты раз буслы з выраю не вернуцца. Толькі яны ўсё вяртаюцца!
Хіба папрасіць Бога, каб неба трохі абскуб? Усё роўна яно пустое…
Прыблуда
Гэта было даўно, яшчэ за каралём. На выгане за нашай вёскай вячыўся дуб і ў ягоным дупле жыў зусім голы і невядома адкуль прыблуда.
Каралі, як вядома, любяць паляванне, а ў нас ад выгана адразу пачыналася пушча. Ну дык вось…
Едзе неяк кароль на паляванне і ля дуба бачыць прыблуду.
-- Як табе не сорамна,-- абураецца кароль.
-- А табе?—пытаецца прыблуда.
-- Чаго мне саромецца?—дзівіцца кароль.—На мне і нагавіцы, і ўсё астатняе, што чалавеку мець належыць.
-- Я -- голы, а ў цябе і нагавіцы, і ўсё астатняе.
Узважыў кароль словы прыблуды і павінаваціўся:
-- Сорамна,-- кажа.
Паскідаў з сябе ўсё ад капелюша да ботаў (адно стрэльбу пакінуў) і паехаў далей голым.
-- Як гэтак можна?!-- накінуліся мы на прыблуду.
А ён не адказвае. Хапае каралеўскія строі і подбегам у карчму да Шмуля.
-- Толькі той выставіў напоі, мы:
-- Дзень добры ў хату.
І прычапіліся зноў: