Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 8

Алесь Пашкевіч

Вялікая i чароўная сіла кахання надала Каганцоваму полымю якасна новыя адценні i афарбоўкі, пяшчоту й кунегу. Таму i нараджаліся разам з названымі вышэй абуджальна-асветніцкімі вершамі лірычна-інтымныя творы. У перыяд з 1894 па 1896 гг. Карусём Каганцом быў створаны асобны вершаваны цыкл, з якім, на жаль, цалкам чытач азнаёміцца пакуль што не можа...

Поўная назва цыкла — «Спяваннi мілосныя “Каханне Каганца”», а самі тэксты захоўваюцца ў рукапісным apxiвe пісьменніка (Аддзел рэдкай кнігі i старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1, вып. 1.). У складзены далёка не поўны збор твораў Каруся Каганца (Каганец К. Творы. — Мн., 1979) увайшлі два вершы гэтага цыкла, аб чым, верагодна, не здагадваўся i сам складальнік — Сцяпан Александровіч. У прадмове да кнігі ён зазначыў: «Шкада, што не захаваўся своеасаблівы прыродаапісальны (? — А. П.) цыкл вершаў паэта “Каханне Каганца”».

Цыкл складаецца з шасці вершаў, знітаваных узвышаным i чыстым пачуццём, насычаных лірычна-псіхалагічнымі роздумамі. З народна-песенных традыцый, дааздобленых уласнааўтарскім светабачаннем, выліваюцца найчасцей Каганцовы радкі:

Ой, у полі веце вее, Маё сэрца чагось млее. То не кветка у траве І не птушка сэрца рве, А дзяўчына між нас е Мільша жыцця для мяне…

Маючы ўражлівую душу мастака, ведаючы адгадкі вясёлкавых фарбаў i скульптурных ліній, Карусь Каганец не мог не адчуваць, не асэнсоўваць суб’ектыўна-ўласных перажыванняў, настрояў. I тут, здаецца, ён адным з першых пракладаў у нашай літаратуры (па-свойму i смела) новую сцежку імпрэсіяністычнасці. I iмпpэсіяністычнасць Каруся Каганца — адметная, фальклорная. «Першае слова яго кніжнай творчасьці было апошнім словам народнай творчасьці», — пісаў пра пісьменніка ў «Гісторыі беларускае літаратуры» Максім Гарэцкі. А Максім Багдановіч, прыйшоўшы напрыканцы жыцця да спасціжэння народнасці культуры і мастацтва, «каб стаць бліжэй да душы беларуса, лепей наталіць яе духоўную смагу, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашу паэзію свежыя сокі», першым прыкладам працы ў гэтым кірунку бачыў творчую постаць Каруся Каганца. «Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Карусь Каганец», — адзначаў у сваім артыкуле «Забыты шлях» М. Багдановіч. Больш за тое, ён стаў і таленавітым вучнем Каруся Каганца: згадаем «вершы беларускага складу» «Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся», «Агата» і пад.

Карусь Каганец спрабаваў «акультурыць», наблізіць да кожнага — праз сваё перажыванне і пачуццё — беларускую народнапесенную стыхію, крануцца агульных духоўных струнаў — і ў іх поліфанічнасці знайсці найбліжэйшы гук для выяўлення свайго настрою. І Карусь Каганец змог прамовіць не толькі ад імя селяніна (прыклад Ф. Багушэвіча), — вуснамі пісьменніка загаварыў сам беларускі народ. А праз колькі гадоў маладзейшыя працягнуць яго спеў, і з’явяцца ў Янкі Купалы і Якуба Коласа вершы з аднолькавай назвай «Мужык», і новай водпаведдзю прагучыць над роднай старонкай: «Што я мужык, усе тут знаюць» і «Я — мужык, бядак пахілы»…