Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 24

Алесь Пашкевіч

Праз уваходны калідор, выразаны ў двухпавярховым будынку турэмнай канцылярыі, яго ўвялі ў прасторны двор. Вакол узнімаўся масіўны мур, па якім са стрэльбай у руках хадзіў малады жаўнер. Далей, у глыбіні, стаяў пануры «замак» у чатыры паверхі, «дааздоблены» чатырма круглымі вежамі па баках — там месціліся адзіночкі для асуджаных на смерць.

Мы падрабязна ведаем турэмны расклад Каруся Каганца — збярогся яго ліст да жонкі, у якім апісаны дзень «пішчалаўскага» вязня.

Ён прачынаўся рана — а 6-й гадзіне — і, крыху паляжаўшы, пачынаў крышыць галубам чэрствыя скарынкі, што заставаліся ад учарашняй вячэры. Потым, як адкрывалі камеру, мыўся і снедаў. Далей была паверка, пасля якой ён браўся за чытво ці пісанне. Затым — прагулка па перыметры двара, абед, «вольны» час. Перад вячэрай — другая паверка.

Доўгія вязенскія дні Карусь Каганец змог расквеціць толькі творчай працай. На працягу ўсяго астрожнага побыту ён шмат маляваў — па ранейшых задумах, па просьбах-замовах сукамернікаў. «Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, адно — два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў», — апавядаў ён у лісце да жонкі.

У той час будучы народны пясняр і класік нацыянальнай літаратуры Якуб Колас быў таксама вязнем «Пішчалаўскага замка» — і, зразумела, не па злачынна-крымінальнай справе…

Лісты ад родных і знаёмых — рэдкія «госці» ў турме — былі вялікай радасцю. Першае пісьмо ад жонкі ў час зняволення ён атрымаў у нядзелю, 1 жніўня. Вось толькі пісала жонка часткова па-польску, часткова лацінкай па-беларуску, праз што абвастрыла пільнасць турэмная цэнзура. Настрой у жонкі быў кепскі, і тое турбавала і непакоіла больш за ўсё. «Чаму ты падаеш духам і пішаш так нявесела, ты б павінна і мне бодрасць паддаці, а не адбіраці той, якая ё. Я ж бо маю надзею, што вярнуся да вас здароў і што зажывема лепей, як дагэтуль жылі», — мусіў супакойваць яе Карусь Каганец.

Напрыканцы жніўня на спатканне прыйшоў старэйшы сын Янка — ён прытуліўся ў Шабуняў і меркаваў паступаць у гарадское вучылішча, — і адразу ледзь не расплакаўся. Міхась Кардэцкі, які сядеў у адной камеры з Карусём Каганцом і па той жа справе, перадаў тады хлопцу 10 зэканомленых рублёў і кавалак цукру…

Сум браў і па астатніх дзецях. «Мірко, мой даражэнькі, сыночак ты мой любенькі! Як ты там? Хочацца мне пабачыць цябе, Галюшку і Міленьку, ды нельга. Сяджу я за сценамі, за мурамі, за жалезнымі варотамі, і сядзеці мне яшчэ доўга…», — пісаў ён дадому — і ў прыкрым балючым одуме выводзіў свой адрас: «Минск. губ. Крепостному Казимиру Карловичу Костровицкому в тюрьме». Так, ён быў «крепостнымъ», а ў асуджаных да зняволення ў крэпасці, на радасць, быў крыху лягчэйшы рэжым: яны атрымлівалі 10 капеек у дзень на яду, самі гатавалі, мелі самавар, камера ў іх зачынялася толькі ноччу…

Не на дабро наваліліся кепскія сны пра дзяцей, а да ўсяго — ад жонкі брата Амброзія прыйшла вестка, што «Галюшку хочуць узяць на выхаванне якоесь панства»…

Пагоршылася і астрожнае жыццё. Наступіла восень, у камеры паболела людзей, стала пыльна, вокны адчыняць забаранілі. Дзень пакарацеў, а прагулка была адна…