Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 270
Алесь Пашкевіч
Наноў раскладваў свой архіў, рабіў новыя вопісы, а калі ўсё давёў да ладу — пайшоў у цырульню і пагаліўся.
Але напоўніцу агоўтацца да рэчаіснасці перашкаджалі газэтныя паведамленні: у Эўропе гула вайна, і яму здавалася, што не ён гэта ператварыў колькі гадоў свайго жыцця ў сон, а што яна — вайна — задрамала была на дзесяцігоддзе з гакам…
Яго абралі старшынёй «Беларускага аб'яднання» Латвіі, дырэктарам беларускай вячэрняй школы для дарослых, запрашалі да супрацоўніцтва многія беларускія выданні: часопісы «Новы Шлях», «Ostland», газэты «Раніца», «Новая Дарога» і «Беларускі Голас», які рэдагаваў Аляхновіч. Рыхтаваў да друку новыя працы: «Гарманізацыя беларускай песні», «Беларусы ў Амерыцы», «Беларускі нацыянальна-адраджэнчы рух», «Беларускі паэт Сяргей Палуян», «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі» і іншыя (некаторыя з іх затым надрукаваў у берлінскай «Раніцы» пад псеўданімам М. Зінчук.
У красавіку 1942 года Езавітаў папрасіў Аляхновіча напісаць для беларускай прэсы сваю аўтабіяграфію. Праз год драматургу споўніцца шэсцьдзесят гадоў, і высвятленне ягонага жыццяпіса Езавітаў лічыў важным клопатам.
1 траўня з Вільні прыйшоў адказ:
«…Даруй, братка, але мне пакуль-што цяжка пісаць аб сабе».
Але Езавітаў паслаў новы — больш настойлівы ліст, і ў ліпені атрымаў не аўтабіяграфію, а ўспаміны-апавяданні ў паасобных малюнках, у якіх апісваліся здарэнні 1902 - 1903-га, 1910 - 1913-га, 1922-га і 1940-га гадоў.
Езавітаў дапісваў біяграфію Аляхновіча ажно да верасня: зноў прасіў даслаць дакладныя звесткі пра бацькоў і дзеда, высветліць некаторыя моманты з лёсу самога драматурга. А той адказваў неакуратна — і праз сваю занятасць, і праз сваю сціпласць…
…Гора сваіх сяброў, таварышаў, калегаў, знаёмых Езавітаў успрымаў сваім. Даведаўся, што ў Сяргея Скандракова памерла жонка (з ёй таксама даўно знаўся) — і зашчымела пад сэрцам, захацелася перадаць добрае слова…
Пра тое, што ён браў удзел у выданні беларускага часопіса «Новы Шлях» (і надрукаваў у № 2 артыкул «Беларуская нацыянальная вопратка», у № 3 — «Беларускі мастак — Пётра Мірановіч», у № 11 — «Свята Купалы», у № 20 — «Вацлаў Ластоўскі», а таксама — у свежым нумары — «Беларускія прыпеўкі»), пра тое ягоны суразмоўца па ліставанні, пэўна ж, ведаў. Як і пра апрацоўку Езавітавым «Беларускага бібліяграфічнага слоўніка» і напісанне гісторыі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Згадваў Езавітаў Сахараву раней і пра тое, што пакрысе пачаў пісаць успаміны пра падзеі 1917 - 1918 гадоў.