Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 268
Алесь Пашкевіч
…Праз паўгадзіны пасля пачатку ўрачыстай вечарыны слухачы пачалі незаўважна разыходзіцца. Засталася толькі купка найтрывалых, з імі — і Купала з жонкай. Змораны «юбілейнымі» турботамі і «ганаровай» чаркай, паэт заснуў… Раскатурхалі Купалу тады, калі Аладаў з выканаўцамі араторыі на заканчэнні пачалі яго віншаваць.
На выхадзе з тэатра Купаліха перастрэла Аладава і не стрымалася:
― І што ж, дзядзька Мікола, мой Янка вам кепскага зрабіў?..
Праз некалькі дзён у «ЛіМе» з'явілася карыкатура: Аладаў сядзіць у вялікай трубе і дзьме адтуль на Купалу, а публіка тым часам разбягаецца з залы…
Пабудка прыйшла ў верасні 1939 года, калі Заходнюю Беларусь далучылі да БССР.
…У Беластоку ў Рыгора Шырмы нечаканы дарагі госць — Купала. Пастукаў ціха, нібы вагаючыся (суправаджатыя на некаторы час прыпыніліся на вуліцы каля машыны).
Абняліся, расцалаваліся, а ў абодвух на вачах — слёзы. Без стуку завітаў у хату шафёр. Гаспадар з радасцю пачаў збіраць на стол пачастунак, а Купала прайшоў у залу — большы пакой, пакратаў кветкі герані на белых падаконніках, агледзеў кніжныя шафы — і раптам знерухомеў, заўважыўшы на покуці, над шафамі, свой партрэт.
Як загіпнатызаваны, намацаў стул, сеў — і не адводзіў вачэй ад свайго падвойніка: бадзёрага, упэўненага, наструненага — сам пастарэлы, са здрадлівымі маршчынамі пад вачыма, з выцвілым поглядам.
Калі Шырма зайшоў клікаць госця да стала — убачыў незвычайнае: Купала з поўнымі вачыма слёз штось вымольна шаптаў свайму партрэту…
А калі развітваліся, прашаптаў і Шырму:
― Падалося мне, што тое ж зрабілі і з Беларуссю… Той край, што й раней — ды толькі ў маршчынах…
З заходнебеларускіх турмаў новыя ўлады пачалі вызваляць арыштантаў. Восенню 1939 года два з іх прыйшлі на пінкаўскі хутар Рамана Скірмунта і пастукалі ў дзверы ягонай хаты. Ніхто не адазваўся — і стук узмацніўся.
― Зараз-зараз… — да дзвярэй прашомкаў сам гаспадар. — Хто там?
― Адкрывай! Мы з камітэта. — Голас сіплы, прастуджаны.
― З якога камітэта?
― Раённага! Адкрывай.
― То што вы хочаце? Вечар жа…
― Адкрывай, а то будзем ламаць!
Доўгая хвіля маўчання — і няпрошаныя госці навальваюцца плечукамі, разам гохкаюць у дзверы… Клямка вось-вось сарвецца…
― Абажджэце! Чаго ломіцеся? Зараз адкрыю.
У хаце светла — спалоханая жонка трымае ў руках газніцу з высока адкручаным кнотам. На стале — вараная бульба, малако, салата, раскроены брус сала, яйкі.
― Ці не зарана вячэраць? — даўгавязы з худым тварам, на якім востра выступалі скулы, прыставіў да стала вінтоўку, сеў на табурэтку, выбраў з міскі меншы агурок, адкусіў… ― О, добрая засолка! — і працягваў ужо, не перастаючы храбусцець, аж пакуль не даеў. — Знаць так, пан Скірмунт… Мы павінны адвесці цябе ў раён. Як ведаеш, у нас — новая ўлада, і яна разбіраецца з усімі, хто не зжыў панскага хворсу. Але мы не якія-небудзь злыдні… Хочаш — дамовімся палюбоўна. Ты нам залацішка, і чым пабольш — а мы за гэта забываем да цябе дарогу.
― Якое золата? — не паверыў пачутаму Скірмунт і нахмурыўся. — Які ж з мяне пан? Я даўно сваім мазалём жыву. Хай вунь суседзі скажуць… А па золата вам трэ было на гадоў пятнаццаць раней прыходзіць. А так — ваколіцы адно маё багацце… ды парк яшчэ…