Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 251

Жуль Верн

І вось сюды мімаволі, а можа і нарокам, прывёў капітан Нэма свой «Наўтылус». Карабель ішоў па спіральнай лініі, радыус якой паступова змяншаўся. Разам з ім са страшэннай хуткасцю круцілася і наша лодка, прывязаная яшчэ да яго борта. Я адчуваў балючае галавакружэнне. Шалёны жах ахапіў нас, кроў спынілася ў нашых жылах. Сэрца пераставала стукаць. Мы абліваліся халодным потам, як у апошнія хвіліны агоніі! Які дзікі шум вакол гэтай крохкай лодачкі! Які рэў, што бясконца паўтарае рэха на адлегласці дзясяткаў міль! Які грукат хваляў, што разбіваюцца аб рэбры падводных скал, там у глыбіні, дзе самыя шчыльныя целы, самыя магутныя камлі дрэў ператвараюцца ў нікчэмныя трэскі!

Што за становішча! Нас страшэнна гойдала. «Наўтылус» абараняўся ад удараў хваль, да жывая істота. Яго сталёвыя мускулы трашчалі. Часамі карабель нібы станавіўся на дыбкі, і мы разам з ім!

— Трэба моцна трымацца за «Наўтылус», — сказаў Нэд. — Паспрабуем закруціць усе гайкі зноў. Калі мы не адарвёмся ад «Наўтылуса», магчыма мы яшчэ здолеем выратавацца.

Ён не паспеў скончыць, як раздаўся страшэнны трэск. Гайкі павыскоквалі, і лодка, вырваная з свайго гнязда, была выкінутая, як камень з прашчы, у самую сярэдзіну віра.

Мая галава ўдарылася аб жалезны борт, і ад моцнага штуршка я страціў прытомнасць.

Раздзел дваццаць трэці

Заключэнне

Вось і прыйшоў канец нашаму падводнаму вандраванню.

Што адбылося ў тую жахлівую ноч, калі лодку нашу вынесла з гібельнага віра, якім чынам Нэд Лэнд, Кансель і я выратаваліся з бяздоння, — гэтага я не магу расказаць. Але калі я ачуняў, то ляжаў у халупцы рыбака на Лафадэнскіх астравах. Абодва мае таварышы, цэлыя і непашкоджаныя, асталіся каля мяне і радасна паціскалі мне рукі. Мы шчыра абняліся.

У гэты час нам не было чаго і думаць аб звароце ў Францыю.

Зносіны паміж паўночнай і паўднёвай Нарвегіяй вельмі рэдкія. Я прымушаны быў чакаць парахода, які робіць рэйсы да Паўночнага мыса два разы ў месяц.

Тут, сярод гэтых простых, добрых людзей, знайшоўшых нас, я пераглядаю апавяданне аб сваіх прыгодах. Яно зусім праўдзівае. Ніводзін факт не прапушчаны. Ніводная дробязь не зменена. Гэта зусім праўдзівая гісторыя аб незвычайным падарожжы ў недасяжную для чалавека стыхію, дзе з часам чалавецтва і навука праложыць вольныя шляхі.

Ці дадуць мне веры? Не ведаю. Ды і ці не ўсё роўна? Як-бы ні было, а я магу сцвярджаць, што маю права гаварыць аб морах, у глыбіні, якіх я зрабіў восемдзесят тысяч кіламетраў меней як у дзесяць месяцаў, — аб гэтым падводным кругасветным падарожжы, якое паказала мне столькі цудаў у Ціхім акіяне, у Індыйскім, у Чырвоным і Міжземным марах, у Атлантычным, Паўночным і. Паўднёвым ледавітых акіянах.

Але які лёс «Наўтылуса»? Ці здолеў ён выратавацца з віру? Ці жывы яшчэ капітан Нэма? Ці працягвае ён сваю жудасную справу помсты, або задаволіўся гэтай апошняй гекатомбай? Ці прынясуць калі-небудзь хвалі яго рукапіс, дзе апісана ўся гісторыя яго жыцця? Ці даведаюся я імя гэтага чалавека? Па нацыянальнасці загінуўшага карабля ці даведаемся мы аб нацыянальнасці капітана Нэма?