Читать «Навелы» онлайн - страница 6
Томас Ман
— Як ты гэта робіш, дзіця? Яно прыходзіць табе само ў галаву, калі ты сядаеш за раяль? — пытаецца прынцэса.
— Oui, madame! — адказвае Бібі. А сабе думае: «Ах ты старая дурніца!..» І ён адварочваецца, як дрэнна выхаваны маленькі дзікун, і вяртаецца да сваіх.
Каля вешалак сціск і мітусня. Трасучы ў паветры нумаркамі, людзі цераз бар’ер прымаюць футры, галёшы, паліто.
Выкладчыца музыкі ўжо тут. Яна стаіць сярод знаёмых і крытыкуе.
— Дзіцяці бракуе шчырасці! — кажа яна голасна і азіраецца па баках…
А перад высокім люстрам два лейтэнанты — браты маладой свецкай дамы — памагаюць ёй надзець вячэрняе манто і футравыя чаравікі. Яна дзівосна прыгожая, у яе сіне-шэрыя вочы і светлы бездакорна пародзісты твар. Сапраўдная арыстакратка. Апрануўшыся, яна прыспешвае братоў.
— Не круціся так доўга перад люстрам, Адольф, — кажа яна напаўголасу і раздражнёна аднаму, які не мае сілы адарвацца ад свайго ў люстры пашлавата прыгожага твару.
— Якая ж ты ласкавая! Можа, усё ж такі ўмілажалішся і дазволіш мне зашпіліць перад люстрам шынель!
Потым яны выходзяць, і на вуліцы, дзе ў снежнай кумільзе цьмяна мігацяць ліхтары, лейтэнант Адольф, наставіўшы каўнер і засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, пачынае на хаду адбіваць лёгкі пошчак на ўмерзлым снезе, выконвае нешта накшталт жартаўлівага nigger dance. Надта ж холадна!
«Чыстае дзіця, — думае растрапаная дзяўчына, якая, махаючы рукамі, ідзе за лейтэнантам, а побач з ёю пануры хлопец, — дзіця, створанае на ўцеху, а там, на эстрадзе, было дзіця, створанае дзеля пакланення! — І гучным голасам дадае: — Так, усе мы вундэркінды, усе, у кім жыве творчы дух».
«Ну і ну! — думае стары гер, які так і не адолеў „Трох паляўнічых з Курфальца“ і чый шышак на лысіне ў гэты час прыкрыты цыліндрам. — Гэта што яшчэ такое? Свайго роду піфія, мабыць?..»
Але запанураны хлопец разумее дзяўчыну з паўслова і ківае.
Потым абое змаўкаюць, і растрапаная дзяўчына глядзіць услед арыстакратычнай паненцы і яе двум братам. Яна грэбуе імі, але не зводзіць з іх вачэй, пакуль тыя не знікаюць за рагом вуліцы.
Дарога на могілкі
Дарога на могілкі ўвесь час ішла ўздоўж шашы, усё адно як у пары, пакуль не даводзіла да мэты — могілак. Па той бок яе спачатку пракідаліся дамы, новыя гарадскія будоўлі, дзе ўсё яшчэ нешта рабілі, а далей разлеглася поле. Абапал шашы раслі дрэвы, самавітыя, камлюкаватыя букі, а сама яна была выбрукавана толькі пасярэдзіне. Дарога на могілкі, прысыпаная друзам, здавалася пры шашы мілай сцежкай. Іх разводзіла сухая канава, уся ўтравелая і парослая лугавымі краскамі.
Стаяла сама-сама вясна, амаль ужо лета. Свет усміхаецца. Пяшчотная сінявіна неба, пабітая лёгкімі зыбкімі аблачынкамі, круглымі, крамянымі, смешнымі хлапякамі, белымі як снег. У букавым ліставецці шчабечуць птушкі, з палёў вее лёгкі вятрэц.