Читать «Навелы» онлайн - страница 4
Томас Ман
Стогн і енк! Узлёт і падзенне!.. «Мая фантазія! — любоўна думае Бібі.— Слухайце ж, слухайце, зараз пойдзе тая мясціна, той самы пераход у до-дыез. — Яны заўважылі? Вой, дзе там! Нічога яны не заўважылі!» І вось, каб хоць чым павесяліць іх, Бібі эфектна ўскідвае вочы на плафон.
Людзі сядзяць доўгімі радамі і глядзяць на вундэркінда, і кожны думае пра сваё, пра самае рознае. Адзін стары сівабароды пан, з пярсцёнкам-пячаткай і шышкаватым гузаком на лысіне, думае сам сабе: «Даволі сорамна, шчыра кажучы, так і не адолець за ўсё жыццё песеньку пра „Трох паляўнічых з Курфальца“ — і цяпер сядзець тут такім сівагаловым ёлупам і набірацца розуму ў гэтага вундэркінда — рос-рос-недарос! Зрэшты, гэта дадзена яму зверху, гасподзь раздае свае шчадроты, тут нічога не парадзіш, і зусім не брыдка быць звычайным чалавекам. Гэта як з маленькім Ісусам. Дзіцяці можна пакланяцца не саромеючыся! А як дабратворна гэта ўплывае!» Ён не адважваецца падумаць: «Якая асалода!» «Асалода» — слова не да вуснаў тоўстаму старому геру. Але адчувае ён так! Адчувае ён менавіта так!
«Мастацтва… — думае насаты, як папугай, дзялок. — Што ж, вядома, яно дадае жыццю пэўнай вастрыні, усё гэта дрынканне, і белы шоўк, і розная іншая драбяза…
Але ж і малое не прападае. Прададзена не менш пяцідзесяці месцаў па дванаццаць марак, гэта ўжо шэсцьсот марак, без уліку астатніх білетаў. Калі адкінуць выдаткі на наём залы, асвятленне, праграмкі, дык і без таго застаецца дзве тысячы марак гатоўкай. Гэта не на пропадзь!»
«Ну, тое, што ён нам цяпер падносіць, гэта, напэўна, Шапэн! — думае выкладчыца музыкі, дзюбатая дама ў тых гадах, калі надзеі слепнуць, а розум абрастае з’едлівасцю. — Аднак, трэба сказаць, яму бракуе шчырасці. Так і буду казаць: хлопчыку бракуе шчырасці. Гэта гучыць няблага. Да таго ж у яго не тая школа, не, не тая, і няправільная аплікатура. Руку трымаць трэба так, каб з яе не спаўзала манетка. У мяне ён дастаў бы лапы!»
Маладзенькая дзяўчына, якая здаецца васковай, — такая бледная, у тым уражлівым узросце, калі наўме толькі розныя казытлівыя думкі, сама сабе маракуе: «Ды што гэта?!. Што ён грае? Ён жа грае палкасць! А сам яшчэ зусім дзіця горкае… Калі б ён цалаваў мяне, было б так, быццам цалуе мой маленькі брат, — гэта не цалунак. Значыцца, палкасць, магчымая сама па сабе, палкасць беспрадметная, без зямнога ўвасаблення. Проста такая дзіцячая гульня! Добра, скажы я гэта ўголас, і мяне запояць рыбным тлушчам. Такі ўжо гэты свет!»