Читать «Навелы» онлайн - страница 7

Томас Ман

Па шашы з вёскі ў горад валачэцца падвода, грукоча па бруку, пыліць. Фурман звесіў ногі абапал дышля і неверагодна фальшыва высвіствае песеньку. А на задку падводы, спінай да гаспадара, умасціўся рыжы сабачка; ён выцягнуў востры пысак, тужліва і сур’ёзна глядзіць на дарогу, якая прападае ўдалечыні. Любата, а не сабачка, усё аддай, а мала, але гаворка ў нас, на жаль, не пра яго, дык і не будзем ухіляцца ад тэмы. Праходзяць салдаты з недалёкай адгэтуль казармы, тупаюць у сваіх выпарэннях, спяваюць. А вось яшчэ падвода, цягнецца ўжо з горада ў бліжэйшую вёску. Гэты фурман дзюбае носам, сабачкі ў яго няма, а таму ягоныя калёсы нам увогуле без патрэбы. Двое майстарчукоў, гарбун і плячысты бамбіза, тупаюць боса, боты цераз плячо. Параўнаўшыся з фурманам, нешта дабрадушна крычаць яму і сунуцца далей. Карацей, на шашы ўмераны рух, без ніякіх авантураў і замінак.

Па дарозе на могілкі ідзе толькі адзін чалавек, павольна, панура, з чорнаю кульбакаю. Завуць гэтага чалавека Піпзам, Лёбгот Піпзам, каб вы ведалі. Мы не так сабе называем яго імя, нам яно яшчэ спатрэбіцца.

Чалавек апрануты ва ўсё чорнае, ідзе адведаць дарагія магілы. На ім памяты лямцавы цыліндр, выцерты, аж блішчыць, каптан, вузкія, бы не на рост, карнатыя штаны, чорныя аблезлыя лайкавыя пальчаткі. Худая, як у бусла, шыя з вялізным кадыком вытыркаецца з занадта шырокага каўняра, — каўнер-такі добра паслужыўся, аж змахрыўся па краях. Але калі чалавек падымае галаву, каб прыкінуць, ці далёка яшчэ да могілак, гэта трэба бачыць: мы тут маем фізію, якую рэдка стрэнеш, такую раз пабач, а ў памяці асядзе назаўсёды.

Чыста паголены і вельмі белы. Але паміж запалых шчок тырчыць нос нязвыкла барвовага адцення, такая, ведаеце, гваздуля з набалдашнікам, да таго ж увесь абсыпаны агіднымі шышакамі — ці то бародаўкі, ці то гузакі — выгляд з усяго таго вельмі бязглузды і па-свойму адмысловы. Гэты нос, што так ярка палахціць на васковым твары, здаецца кардонным, прыклееным, як у блазна, — не нос, а чортведама што, нечы недарэчны жарт. Але чалавеку не жарты. Рот, шырокі, з апушчанымі краямі, моцна сцяты, а калі галава паднятая, дык бровы, крыху паточаныя сівізной, высока выпаўзаюць на лоб, пад краі цыліндра, і тады відаць, якія ў чалавека запаленыя вочы. Карацей, гэта твар, на які нельга глядзець без шчырага мілажалю.

Так яно, знешнасць у Лёбгота Піпзама самая бязрадасная; яна дрэнна стасуецца з гэтай яснай раніцай і аж залішне змрочная нават як на чалавека, што намерыўся адведаць дарагія капцы. Але зірніце яму ў душу і вы скажаце, што ў яго хапае прычын быць змрочным. Чалавеку, як той казаў, добра-такі завярнула, — дзе вам, пустадомкам, зразумець гэта! — чалавеку не проста не пашанцавала, жыццё яго біла без жалю, — так што, калі ўжо шчыра, дзялы яго швах!

Па-першае, ён выпівае. Але пра гэта мы пагамонім асобна. Па-другое, аўдавелы, асірацелы, усімі кінуты, і няма на зямлі катушка, дзе б яго любілі і шкадавалі. Ягоная жонка, у дзявоцтве Лебцэльт, адышла да бога паўгода таму назад, надарыўшы яго дзіцём. Дзіця гэтае было ў іх трэцяе, яно радзілася нежывое. Старэйшыя таксама не зажыліся на свеце, адно — з дзехцярыку, другое — каб жа ведаць з чаго, от узяло сабе дый памерла.