Читать «Навелы» онлайн - страница 3
Томас Ман
І яны грымнулі — аднадушныя, расчуленыя, шалёныя. Паглядзіце толькі на абрысы сцягенцаў у гэтага дзіцяці, калі яно схіляецца ў жаноцка-манерным паклоне! Пляскайце! Пляскайце! Чакайце, я здыму пальчаткі! Брава, малютка Саколафікс, ці як там цябе! Ну й пракуда!
Бібі тры разы выходзіць з-за сваёй шырмы, перш чым публіка супакойваецца. Некалькі запозненых слухачоў, націскаючы ззаду, прадзіраюцца ў залу. Канцэрт ідзе далей.
3-пад пальцаў Бібі струменяцца яго «Reverie», яны ўсе складаюцца з арпеджыо, над якімі час-пары ўспырхваюць на кволых крылах фрагменты мелодыі. А потым ён грае «Le hibou et les moineaux».
Гэтая штучка мае грымучы поспех, яна заўсёды выклікае самае гарачае захапленне. «Le hibou et les moineaux» — сапраўдная дзіцячая музыка, у ёй усё дзівосна празрыста. У басах так і бачыш саву, — вось яна сядзіць і лыпае круглымі вачыма, тым часам як у верхніх галасах дзёрзка і палахліва чывікаюць вераб’і. Чатыры разы Бібі выклікаюць пасля гэтай п’ескі. Гатэльны служка з бліскучымі гузікамі выносіць яму на эстраду вялізныя лаўровыя вянкі і стаіць каля Бібі, пакуль той дзякуе. Нават прынцэса бярэ ўдзел у авацыі, і гэта выяўляецца ў тым, што яна бязважка-пяшчотна складвае плоскія далонькі, не робячы пры гэтым аніякага шуму…
Як гэты маленькі хітрулік умее падаграваць публіку! Ён не адразу выходзіць з-за шырмы, прымушае чакаць сябе, крыху прыпавольвае на прыступках, з дзіцячай непасрэднасцю любуецца стракатымі стужкамі на вянках, хоць яны ўжо даўным-даўно абрыдлі яму, чароўна кланяецца, дае публіцы часу пашалець, каб не ўпусціць ніводнага каштоўнага пляску. «„Meditation“ — гвозд маёй праграмы, — думае ён; гэтаму выразу навучыў яго імпрэсарыо. — Потым я зайграю вам фантазію, якая, калі ўжо на тое, лепшая за „Саву“, асабліва тая мясціна, пераход у до-дыез. Але ўсе вы звіхнуліся на гэтай саве і нэндзаецеся з ёю, хоць яна — мая самая першая, самая дурная рэч». — І ён грацыёзна выходзіць на камплімент.
Потым грае «Meditation», а там яшчэ і эцюд. Праграма ў Бібі даволі ёмістая. «Meditation», праўда, дужа нагадвае «Reverie», але ў Бібі гэта не загана, бо ў эцюдзе вундэркінд ззяе тэхнікай, якая, зрэшты, крыху саступае яго кампазітарскаму таленту. Але вось нарэшце і «Фантазія». Гэта яго любімая рэч. Яе ён грае кожнага разу крышачку інакш, дазваляе сабе маленькія вольнасці, і выпадаюць шчаслівыя вечары, калі ён сам бывае здзіўлены, як адкрыццём нябесным, раптоўным нечаканым паваротам мелодыі.
Ён сядзіць і грае, такі маленькі і сляпуча-белы перад вялікім чорным раялем, там, на сцэне, самотны выбранец, узнесены над безаблічным натоўпам, які ўвесь разам мае толькі адну нячуйную, няпругкую душу, над якою трэба валадарыць яго самотнай, яго інакшай душы… Мяккія чорныя валасы разам з шаўковай стужкай упалі на лоб, гнуткія трэніраваныя пальцы бегаюць па клавішах, і відаць, як пацепваюцца мускулы на смуглых дзіцячых шчоках. Часам прыходзяць секунды адсутнасці, самазабыццёвай адзіноты — тады яго дзіўныя, падведзеныя ценямі вочы касавурацца ўбок ад публікі, на размаляваную сцяну за раялем, і глядзяць праз яе, растаюць у мройнай далечы, населенай дзівосным жыццём. Але варта яму хоць краёчкам вока ўбачыць залу, як ён зноў тут, перад натоўпам.