Читать «Навелы» онлайн - страница 12
Томас Ман
Торэ — кіламетраў за пятнаццаць ад Портэклемэнтэ, вельмі моднага курорта на Тырэнскім моры, як сталіца, элегантнага, амаль круглы год перапоўненага, з шыкоўнай, забудаванай гатэлямі і крамамі эспланадай уздоўж мора, з стракацізнай будак, флажкамі пясчаных замкаў і загарэлымі целамі, шырокім пляжам і шумнымі «вясёлымі» ўстановамі. Пляж, акаймаваны гайком піній, на які ўглядаюцца зверху недалёкія горы, пакрыты ўздоўж усяго ўзбярэжжа тым самым дробным пяском, утульны і прасторны, таму не дзіва, што неўзабаве непадалёк узнік крыху меншы шумны канкурэнт. Торэ-дзі-Вэнэрэ, дзе дарма будзеш азірацца, шукаючы вежу, якой пасёлак абавязаны сваёй назвай, — гэта як бы філія суседняга вялікага курорта і колькі-колькі гадоў быў чыстым раем нямногім, прыстанішчам аматараў прыроды, яшчэ не падпошленай свецкім гамузам. Але як яно павялося з такімі закуткамі, цішыні давялося даўно адступіць далей на ўзбярэжжы у Мары-на-Петрыера і яшчэ больш ведае куды; свет, як вядома, шукае цішыні і, знайшоўшы, выганяе яе, са смешнай пажадай нападае на яе і думае сабе, быццам здольны з ёю яднацца і быццам там, дзе яна, можа быць і ён; смех падумаць — нават зладзіўшы кірмаш у яе жытлішчы, ён хоча верыць, што цішыня яшчэ засталася. Вось і Торэ, яшчэ, праўда, спакайнейшы і сціплейшы за Портэклемэнтэ, ужо ўвайшоў у моду ў італьянцаў і заязджанаў з іншых краін. У міжнародны курорт больш не едуць ці, бадай, не едуць, як бывала, але гэта яму не завада, каб заставацца шумным і перапоўненым міжнародным курортам; едуць крыху далей, у Торэ, гэта нават шыкарней, і апрача таго танней, прытым вабнасць гэтых дабротаў не мяняецца, хоць саміх дабротаў ужо няма. Торэ завёў сабе «Гранд-гатэль», распладзілася безліч пансіёнаў з прэтэнзіямі і без, так што гаспадары і наймальнікі вілаў і садкоў у хвойнічку над морам ужо не могуць пахваліцца спакоем на пляжы; у ліпені-жніўні там такая самая карціна, што і ў Портэклемэнтэ: увесь пляж аж кішыць — гоман, балбатня, вясёлы рогат купальнікаў, якім апантанае сонца лахманамі лупіць скуру з шыі і плячэй; на прамяністай сінечы пагойдваюцца ядавіта пафарбаваныя пласкадонкі з дзятвою, і знакаміта гучныя імёны, якімі аклікаюць сваіх чадаў матулі, баючыся іх упусціць з вачэй, напаўняюць паветра хрыплай трывогай, а яшчэ дадайце ўсіх тых, што разносяць вустрыц, напіткі, кветкі, пацеркі, cor netti al burre, што, пераступаючы цераз раскінутыя рукі і ногі загарэльцаў, таксама, як усе з поўдня, гартаннымі і настырнымі галасамі назаляюцца са сваім таварам.
Такі быў пляж у Торэ, калі мы прыехалі, — маляўніча, нічога не скажаш, але мы ўсё-такі рашылі, што прыехалі зарана. Стаяла сярэдзіна жніўня, італьянскі сезон сама-сама ў разгары — іншаземцам не найлепшая пара, каб ацаніць чароўнасць гэтай мясціны. Якая папалудні штурхатня ў адкрытых кавярнях на праменадзе ўздоўж мора, хоць сабе ў «Эсквізіта», куды мы час-парою завітвалі пасядзець і дзе слугаваў нам Марыё, той самы Марыё, пра якога я і меруся расказаць! Цяжка знайсці вольны столік, а аркестры — кожны грае, ніхто не лічыцца з суседам! Да таго ж якраз папалудні штодзень наязджае публіка з Портэклемэнтэ, бо, ясна ж, Торэ панадная мэта загародных прагулянак у няўседлівых гасцей вялікага курорта, і ад усіх гэтых фіятаў, што снуюць туды-сюды па дарозе, кусты лаўраў і алеандраў на абочынах шашы пакрытыя, як снегам, налётам белага пылу — нязвыклае, але агіднае відовішча.