Читать «Навелы» онлайн - страница 11
Томас Ман
Сабраўся ладны натоўп. Хто выскаляўся, хто супіў бровы. Падышло яшчэ некалькі муляраў і падзёншчыкаў з будоўлі. Нейкі вазак, пакінуўшы сваю фурманку на шашы і не выпускаючы з рукі пугі, таксама пералез канаву. Нехта схапіў Піпзама за плячук і давай трэсці, але той гэтага нават не заўважыў. Міма ішлі строем салдаты, яны цягнулі шыі, рагаталі. Нават пінчэр не стрываў: упёрся пярэднімі лапамі ў зямлю, падціснуў хвост і зайшоўся брэхам проста ў твар Піпзаму.
І тут Лёбгот Піпзам яшчэ раз крыкнуў з усяе сілы: «Злазь, каму я сказаў, малакасос кіслагубы!», апісаў у паветры рукою шырокую дугу і раптам — брык на зямлю. Быццам скамянелы, ляжаў ён чорнаю купінай сярод натоўпу, што абступіў яго. Памяты цыліндр зляцеў з галавы, пакаціўся, падскокнуў і таксама застыў на месцы. Двое муляраў схіліліся над нерухомым Піпзамам, паталкавалі пра здарэнне, разумна, дзелавіта, як яно і належыць рабочым людзям. Адзін з іх падняўся і некуды пабег. Астатнія яшчэ нейкі час кешкаліся з нячулым целам, спрабавалі адно, другое. Нехта плёхнуў на яго з вядра, нехта, наліўшы ў далоню спірту, працёр яму скроні. Але ўсе гэтыя намогі нічога не далі.
Прайшло з паўгадзіны. А потым загрукаталі колы, і карэта «хуткай дапамогі» з едкімі чорнымі крыжамі па баках, запрэжаная парай добрых коней, паявілася на шашы. Пад’ехаўшы да месца, яна спынілася, два санітары ў акуратнай уніформе саскочылі з козлаў, адзін пайшоў да задка карэты адчыніць дзверцы і выцягнуць дошку, другі цыгнуў цераз канаву, выбраўся на дарогу да могілак, расштурхаў разяваў і з дапамогаю аднаго з іх павалок пана Піпзама да карэты. Піпзама паклалі на дошку і сунулі ў карэту, як папеку хлеба ў напаленую печ, захлопнулі дзверцы, а потым абодва санітары зноў узбатаваліся на козлы. Усё гэта было зроблена спраўна, завучана дакладна, спрытна, гладка, як у цырку.
І Лёбгота Піпзама павезлі.
Марыё і штукар
Успамінаць, як мы жылі ў Торэ-дзі-Вэнэрэ, і ўсю тамтэйшую атмасферу цяжка. З самага пачатку адчувалася раздражнёнасць, узбуджанасць, нервовасць, а пад канец яшчэ і тая гісторыя з жахлівым Чыполам, у якім фатальна і вельмі ўражліва нібыта ўвасобілася і пагрозліва загусла ўсё ліхое майго настрою. Тое, што пры страшэннай развязцы (а нам потым здавалася, што яна была наканаваная і па сутнасці заканамерная) былі нашыя дзеці, вядома, недапушчальна і варта жалю, але нас заблытала містыфікацыя, на якую адважыўся той дзіўны чалавек. Дзякуй богу, дзеці так і не зразумелі, калі закончылася гульня і пачалася драма, а мы не сталі ім тлумачыць, што гэта не быў тэатр.