Читать «Навелы» онлайн - страница 10

Томас Ман

— Вы ці не п’яны, мой пане! Зачапіце мяне толькі, чорт вас пабяры, яшчэ раз, уеду ў морду, ясна? Я вам усе скабы скасабочу! Так і ведайце.

І адвярнуўся ад Піпзама, абурана нахлабучыў кепачку і зноў скочыў да веласіпеда. Ён і праўда быў не палахлівы. І цяпер не аканфузіўся, сеў спрытна. Толькі раз штурхануўся нагой, умасціўся на сядле і адразу прыбраў машыну. Піпзаму засталося толькі глядзець, як знікае з вачэй ягоная спіна.

Ён стаяў, пыхцеў і, вылупіўшы вочы, глядзеў услед Жыццю. А Жыццё педалявала наперад як нічога табе ніякага, без паломак і аварый, — і шыны напампаваны, і ніводзін камянёк не выкаціцца на дарозе пад кола — каціла-ляцела лёгка і пругка. І тут Піпзам уголас і ў кляцьбу — гэта, бадай, быў рык, а не чалавечы голас.

— Спыніцеся! — лямантаваў ён. — Ні з месца! Вам на тое шаша, а не тут, на дарозе на могілкі! Злазьце, каму я сказаў, злазьце! Вы… вы… Я вас у паліцыю! Я на вас падам! А божачкі, каб ты прапаў, каб цябе рассадзіла, галава дурная! Я табе ўсю морду стаўку, падла анафемская!

Ну, вы чулі такое?! Па дарозе на могілкі спыняецца чалавек і лаецца, лямантуе як вар’ят, сябе не памятаючы, нешта дурное выкаблучвае, увесь тузаецца і не можа супакоіцца.

Веласіпеда і след астыў, і пыл улёгся, а Піпзам усё яшчэ калаціўся і сатанеў і ні з месца.

— Дзяржы яго, дзяржы халеру! Гэта што ж надумаў — ездзіць па дарозе на могілкі! Ах ты паскуднік, басота няўмытая! Кепку начапіў, малпа нячэсаная! Вачыма зыркае! Я табе пазыркаю, шчаня неданошанае! Распуста, выстаўляецца мне! Злазь, сучы выскрабак, злазь, каму я сказаў! Няўжо ніхто не скіне яго ў гразь, нахабу, блазна лупленага! Прагуляцца яму, бач, прыспічыла, маладому чалавеку, і мусова на дарозе на могілкі, га? Сцягніце яго з сядла, прахвоста гэтага! Пусціце мяне, дайце дабрацца да яго!.. Што? Што такое? Што гэта я?.. Пажджы-но, пажджы, каб на цябе воўка, дурнота дурная!

Тут Лёбгот Піпзам панёс увогуле нешта зусім бязглуздае. Закіпелым ротам, брынклівым голасам ён крычаў чортведама якія кленічы і сцепваўся ўсім целам, як шалёным духам апантаны. 3 шашы падбеглі дзеці з кошыкам і сабакам пінчэрам; яны пералезлі праз канаву, абступілі галаслівага чалавека, утаропіліся на яго скажоны твар. Пачулі Піпзама і на будоўлі, і муляры, адклаўшы хто абед, хто працу, разам з падзёншчыкамі рушылі да гурту людзей, што ўжо тоўпіўся на дарозе. А Піпзаму ні ўгамону, ні гамону! Яго сама разабрала! Раз’ятрана трасучы кулакамі, ён гразіў то небу, то ўяўным слухачам, то выдыгваў нагамі нейкія неверагодныя выкрунтасы, прысядаў і зноў як бы яго чорт падшпільваў, гарлаў на ўсю гардзёлку. Ён брыдка лаяўся без усякага аддыху, і адкуль тое бралася! Твар заплыў крывёю, цыліндр з’ехаў на патыліцу, манішка вылезла з камізэлькі: Папзам ужо забыўся, з чаго ўсё пачалося, і цяпер чытаў павучальныя мудраслоўі, якія наогул ужо справы не тычыліся. Ён ужо й сябе кляў за безгалоўе, і да Бога заклікаў — усё ў тым самым недапушчальным тоне, шчодра перасыпаючы сваю казань брыдкай непатрэбшчынай.

— Сюды, хутчэй-це сюды! — роў ён. — І не вы, не толькі вы, а і тыя вунь, кепачнікі, тыя вунь, лупатыя. Я вам такую праўду скажу, што пападаеце. Смеяцеся, плечкамі знізваеце, каб вас пананізвала! Што ж, што праўда, то праўда… слабы я да чаркі, не схлушу!.. Але хай я самы прапашчы п’янюга!.. Нас рассудзяць! Апошні дзень яшчэ не настаў… Ён прыйдзе, свалата паганая, Гасподзь усіх нас паважыць на шалях… от і пабачым, чыя пераважыць… Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, вы, нявінныя ліхадзеі, Яго царства не ад свету гэтага… Ён укіне вас у цемру вонкавую, дзе крык і скрыгат зубоў…