Читать «Блізкае і далёкае» онлайн - страница 5
Іван Мележ
— Фашыстам вельмі не падабаецца наш клін. I м ён, што нож у сэрца. Заўтра зноў прыйдуць… Але хай паспрабуюць! — пагрозліва прагаварыў Казлоў, здымаючы шынель…
Больш Засмужац нічога не чуў. Сон захапіў яго нечакана, адразу. Галава бяссільна ўпала на кулакі, пакладзеныя адзін на другі на стале.
Снілася — спакойна блішчыць Прыпяць. Засмужац узмахвае вёсламі. З вёслаў ca звонам падаюць кроплі вады. А на карме, каля руля, сядзіць Галя, яго нявеста. Яна ў шоўкавым белым плацці, на галаве вянок, што сплялі на лузе. Такая харошая, жаданая! Ён выпусціў вёслы з рук i прыцягнуў Галю да сябе, каб пацалаваць, i нечакана пахаладзеў ад агіды. Гэта была не Галя, a гітлеравец. Той засмяяўся i працягнуў губы для пацалунка. Гітлеравец змяніўся з твару, нахмурыўся i саштурхнуў Засмужца ў ваду. Смяротная стома скавала цела… Нехта схапіў яго i, выцягнуўшы на бераг, валтузіў, каб вярнуць яго к жыццю. А Засмужац чуў, як яго клічуць, i ніяк не мог падаць голасу.
Калі ён прачнуўся, нарэшце, то ўбачыў, што сядзіць за сталом, а перад ім стаіць капітан, начальнік разведкі. Казлоў, разуты i без гімнасцёркі, неспакойна ходзіць па хаце i курыць.
— Ну i спіце-ж вы, Засмужац!
— Здарожыўся моцна, таварыш капітан.
— Разумею… Прыйдзецца яшчэ больш здарожыцца. Трэба адвезці пакет у штаб арміі. Вельмі тэрмінова, неадкладна.
— Таварыш капітан, — папрасіўся Засмужац.
— Ведаю, што змарыўся.
— Я проста больш не магу.
— Спачуваю. Але некага паслаць.
— Пашліце каго… Ну, Бондара…
— Памёр… ад ран.
Пры апошніх словах капітана Засмужцу раптам прыгадалася нядаўняя размова з Казловым, забытая таму, што хлопец усё яшчэ быў у поўсне. Капітан кіўнуў галавою на лаўку. Толькі цяпер салдат убачыў за спіною капітана на лаўцы цела таварыша. Яго прынеслі, калі Засмужац спаў. Трывожна i вінавата падышоў Засмужац да Бондара i спыніўся.
Капітан ступіў убок, i святло лямпы, якое загароджвала яго спіна, упала на нябожчыка. Бондар ляжаў на лаўцы, выпрастаўшыся, да грудзей накрыты шынялём, заплямленым закарэлай крывёю.
Засмужца ўразіў твар Бондара. Ён некалькі хвілін стаяў, як скамянелы, не маючы сілы адарваць позірк ад твару таварыша. Рысы таго былі скрыўлены болем, выраз перадсмяротнай пакуты так i застыў у пабялелых, моцна сціснутых тонкіх вуснах, у напоўадкрытых цёмных вачах. Засмужца ўсхваляваў не столькі выраз пакуты, колькі выраз гневу i непакорнай нянавісці, які не магла сцерці нават смерць. Хлопец, як заварожаны, паглядаў на таварыша. Пачуццё віны перад нябожчыкам, на якога ён прасіў капітана ўскласці свой абавязак, было першым пачуццём у гэтую хвіліну. Засмужцу здалося, што Бондар гневаецца на яго, што нябожчык падымецца i закрычыць: «Што ты яшчэ можаш патрабаваць ад нас?! Як ты смееш звальваць на нас?! I як ты можаш адмаўляцца пасля нас!»
Засмужац адразу выпрастаўся, падцягнуўся, як ад сапраўднага вокрыку. Стома адступіла. На яе месца прыйшлі боль i гнеў за смерць таварыша.