Читать «Блізкае і далёкае» онлайн - страница 4
Іван Мележ
Маладзіца выняла з печкі чыгунок i паставіла на стол. Запахла бульбай. Засмужцу было прыемна сачыць, як над чыгунком падымаецца пара.
— Садзіся, кіслы. Зусім раскіс… Мужчына называецца!
Яна ўсміхнулася. Засмужац здзівіўся, як гэта ён раней не заўважаў, што ў яе такая харошая i шчырая ўсмешка. I ямачкі на шчаках прыгожыя, калі яна смяецца. I голас такі мілагучны i лагодны.
Жанчына паставіла гладыш з малаком. Засмужац сеў за стол i пачаў вячэраць. А тая слала пасцель — прывабліва шалясцела сена…
У Засмужца непераможна зліпаліся павекі, звінела ў галаве. Думкі варушыліся ляніва, часамі ix бязладна перабівалі то малюнкі сну, то малюнкі замеці… Зламаны дуб. Каламутнае поле… Агеньчык мігае… Ён паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Засмужцу вельмі хацелася злавіць яе, а яна ніяк не давалася. Хлопец пачаў перабіраць думкі i нарэшце натрапіў на тое, што хвалявала.
— Ага… Дзе Казлоў i Бондар? Што ix няма?
Казлоў i Бондар былі салдатамі з яго ўзвода i таварышамі на гэтай кватэры.
— Той ноччу на світанні як пайшлі… — уздыхнула жанчына. — Паклікалі ix на самым світанні, пасля таго, як ты паехаў. Потым за сялом вельмі стралялі: i гарматы i палямёты, у акне шыбы ледзь не павыляталі. Проста страх — так стралялі. Многа, кажуць, немцаў паклалі… Ды ты cпi, Мікола. Спачні, а пасля будзеш пытаць…
— I пра ix нічога не чуваць?
— Нічога… А ты кладзіся спаць… Нічога. Толькі Арсеніха казала, што i нашых лягло там. У Арсеніхі камандзір у хаце стаяў… Як-бо яго прозвішча?
— Кандраценя.
— Не інакш, Кандраценя. To i яго забілі. Яна плакала, як па сыне. I Пятро, i Сіманаў загінулі. А Грышку таго рудога бачыла раненага. Уся галава ў марлях. Пра Бондара i Казлова пыталася, дык — не, кажа, не бачыў… Скінь боты, я прасушу ix…
У гэты час скрыпнулі дзверы. У хату ўвайшоў Казлоў. Адзін рукаў яго шыняля быў адрэзаны да локця. Рука да таго месца, дакуль адрэзаны рукаў, была забінтавана i вісела на марлевай касынцы.
— Што так глядзіце? Не чакалі? А? Нечаканы госць!.. Здарова, салдат, мой брат! Кацярыне Аляксееўне маё! Асабістае… Ну, што, даплёўся?
— Выходзіць, даплёўся. I сам аж не спадзяваўся, што даграбуся. А дзе Бондар?
— Бондар ранены. A Сіманава-комсорга i Пятра забілі. Разведцы нашай дасталося больш за ўсіх. У нашым узводзе, ты ды я, ды мы з табой — чатыры чалавекі засталіся, а то ўсе раненыя. Я таксама ледзь не згуляў у скрынку, у бога душу яго, фашыста. Але i гітлераўцаў намалацілі — поле ўсё пачарнела ад трупаў. У такую пагоду палезлі. З імі такіх дзіваў яшчэ не здаралася. Увогуле, назаўтра, кажуць, трэба таксама чакаць…
Засмужац распытваў, хто жывы застаўся, хто забіты або ранены, называючы імёны таварышаў. Казлоў адказваў, i перад Засмужцам паступова малявалася карціна ўпартага крывавага бою, што прайшоў мінулай ноччу. З болем i з нянавісцю к ворагу ўспаміналіся жывыя абліччы тых, каго ўжо не было. Ранейшае бесклапотна-радаснае адчуванне змянілася трывогай i чаканнем недалёкага бою. Яшчэ разам з гэтым, як дамешак, прыйшло пачуццё няёмкасці за сябе, за тое, што ён спакойна цягнуўся недзе ў тылу тады, як тут біліся на смерць таварышы.