Читать «Блізкае і далёкае» онлайн - страница 3

Іван Мележ

Ён мігцеў, дрыжэў, залаты агеньчык. Ва ўсім свеце быў ён толькі адзін, а кругом, як i раней, трубіла бура. Але чалавек нічога не бачыў, толькі гэты маленькі агеньчык. Яго вясёлы бляск трапіў у грудзі, i Засмужцу зрабілася цёпла i хораша, нібы на такой адлегласці перадавалася яго цяпло. Гэта агеньчык той вёскі — яго мэты. Агеньчык быў такі блізкі, жаданы, мігцеў перад самымi вачыма, i баец, грузнучы ў снезе, пабег проста туды. Ён болей не шукаў дарогі.

Агеньчык толькі здаваўся блізка. Салдат ішоў да яго, а ён не набліжаўся, нібы ўцякаў. Засмужац зноў пачаў часта спыняцца ў знямозе.

Перад вёскай яго аклікнулі патрулі. Засмужац узрадавана адказаў.

Калі Засмужац падышоў да агеньчыка, то ўбачыў, што ён гарэў у хаце. Лямпа вісела над сталом. Святло лямпы падала блакітнымі палосамі на снег i плот побач з хатай. У хаце каля стала стаяла жанчына i ручніком выцірала міскі. За сталом сядзелі два салдаты. Адзін, невысокі, з пухлым дзявочым тварам, смяяўся, a другі — пажылы мужчына, з квадратнай голенай галавой, штосьці апавядаў. Твар яго быў спакойны i крыху задуменны. Відаць, толькі што скончылі вячэру.

Засмужац пайшоў да штаба на сярэдзіну вёскі. Перадаўшы пакет, ён адразу лягчэйшай хадой накіраваўся ў свой узвод. Перш ён завёў каня ў хлеў, рассядлаў, падкінуў яму сена i тады ўвайшоў у хату. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам i напаленай печкай.

Салдат весела прывітаўся з маладзіцай i доўга расшпільваў шынель. Замерзлыя пальцы не слухаліся. Жанчына, з усмешкай сочачы за ім, паківала галавой.

— Дай дапамагу, кіслы…

Яна легка сцягнула задубелы ад марозу шынель i ватоўку. Пад гімнасцёркай вызначыліся вострыя, неакрэпшыя яшчэ плечы. Засмужац ад нечаканага наплыву вясёласці моцна абхапіў яе за стан i прыцягнуў да сябе. Маладзіца з усмешкай паглядзела на яго стрыжаную галаву, на якой спераду смешна, па-дзіцячаму, тырчэлі вожыкам серабрыстыя валаскі, паспрабавала вырвацца:

— Пусці. А то мамцы тваёй напішу — наб’е, — пажартавала яна над маладосцю Засмужца.

— Жартуй, жартуй. Усё роўна не пушчу…

— От, на гэта сілы дык хапае! Пусці!

— Не пушчу!

Яму было весела, а чаму — ён i сам не ведаў. Засмужац па-дзіцячаму шырока засмяяўся i нечакана адпусціў яе. Усмешка, што цяпер не схадзіла з ружавеючых шчок, з поўных лагодных губ, рабіла яго маладзейшым нават за свае восемнаццаць год. Зараз цяжка было ўявіць, што зусім нядаўна гэты хлапчук з нечалавечай упартасцю дабіраўся да штаба.

Калі затым Засмужац сеў каля печкі, то адчуў сябе такім знябытым, што, здаецца, не змог-бы скрануцца з месца. Але той вясёлы, радасны настрой, што невядома адкуль увайшоў у душу, заставаўся, хоць i крыху прыцішаны ад стомы. Ён з асалодай слухаў, як прыемна млее ўсё цела.

На хвіліну ён падумаў пра ўсё перажытае ў дарозе i сам здзівіўся, што столькі здолеў вытрымаць. Каб яшчэ раз прыйшлося, то не зрабіў-бы i паловы таго, што раней. Але ён ведаў, што на сягоння ўсё скончана, што болей не прыйдзецца. За акном завіруха лютавала, у коміне цягуча свістаў вецер — ууу-ууу! Засмужцу радасна было чуць гэтую музыку. Цяпер усё — i вецер, i холад заставаліся далека.